December 1st, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 1 снежня. Міхась Кавыль

МІХАСЬ КАВЫЛЬ (сапр. Язэп Лешчанка, нар. 01.12.1915 г. в. Покаршава (сёння Слуцкі р-н Мінскай вобл.), пісьменнік, рэдактар, грамадскі дзеяч. У 1930—1933 гг. — вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме. Быў сябрам “Маладняка”. 23 лютага 1933 г. арыштаваны і асуджаны на 3 гады. Пакаранне адбываў на Далёкім Усходзе. У канцы кастрычніка 1935 г. датэрмінова вызвалены. Жыў у Варонежы (1935—1938), вучыўся ў педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце (1936—1938), працаваў настаўнікам. У 1941 г. — у Чырвонай Арміі, трапіў у нямецкі палон, праз некаторы час быў вызвалены. Скончыў прапагандысцкія курсы ў Вустраве пад Берлінам, на якіх рыхтавалі будучых кіраўнікоў СБМ, працаваў у аддзеле прапаганды ў Мінску. Ад 1944 г. — на эміграцыі, спачатку ў Нямеччыне, потым у Бельгіі. У 1950 г. выехаў у ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рыверы. Першы рэдактар газеты “Беларуская трыбуна”. У 1950-х гг. браў актыўны ўдзел у працы БККА. Ад 1983 г. быў сталым рэдактарам часопіса “Беларуская думка”. Выдаў зборнікі паэзіі “Ростань” (Рэгенсбург, 1947), “Пад зоркамі белымі” (Нью-Ёрк, 1954), “Першая рана” (Манчэстэр, 1960), “Цяжкія думы” (ЗША, 1961), “Міжагнёўе” (Нью-Ёрк, 1990).