December 2nd, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў выданнях. 2 снежня. "Жыве Беларусь!" (Манчэстэр)

У 1956 г. Манчэстэрскі камітэт Беларускага вызвольнага руху пастанавіў заняцца арганізацыяй ўласнай друкарні і друкарскай школы ў Манчэстэры, “якая б ня толькі вывучыла сяброў БВР друкарству, але і друкавала б газэты, часапісы і другія друкарскія працы”. Пачаліся захады па рэалізацыі задумы. Былі набытыя шрыфты, а з часам (да 1958 г.), было набытае адмысловае памяшканьне пад друкарню па адрасе: 66 Heywood Str., Manchester. У гэтым будынку (доме БВР) ня толькі разьмясьцілася рэдакцыя часопіса “Жыве Беларусь”, а пазьней і адноўленай газэты “Незалежная Беларусь”, але і адмысловы клюб. Частку памяшканьняў здавалі кватарантам, прыбытак ад чаго ішоў на пагашэньне пазыкі і патрэбы БВР.

У снежні 1957 г. пабачыў свет першы нумар часопіса “Жыве Беларусь!” (The Byelarussian Alive). Усяго было выдадзена 13 нумароў цягам 1957—1962 гг. Выдавецкай справай займаўся найбольш Аляксандр Шпігановіч. Само выданне я пераважна перазняла як раз разбіраючы паперы Шпігановіча, што былі на ной час у хаце Лёлі Міхалюк.