December 4th, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 4 снежня. Францішак Бартуль

ФРАНЦІШАК БАРТУЛЬ (15.11.1918 – 04.12.2005), грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся ў в. Бярозкі (сёньня Латвійская Рэспубліка). У 1937 г. скончыў сярэднюю школу ў Дзьвінску (Даўгаўпілс). У 1940 г. мабілізаваны ў Чырвоную Армію, трапіў у нямецкі палон і апынуўся ў Штэтыне (Шчэцін, Польшча). Дзякуючы веданьню нямецкае мовы быў прызначаны перакладчыкам і адпушчаны на адпачынак у Дзьвінск, адкуль назад не вярнуўся. У 1943 г. скончыў Віленскую беларускую настаўніцкую сэмінарыю. Вучыўся ў Менскай афіцэрскай школе БКА (1944). Зь ліпеня 1944 г. на выгнаньні. Спачатку знаходзіўся ў Кёнігсбэргу, працаваў у Камітэце самапомачы. У 1944–1945 гг. вучыўся на філязофскім факультэце Мюнхэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту, пазьней – на філязофскім факультэце Грыгарыянскага ўнівэрсытэту ў Рыме. Адтуль перабраўся ў Вялікабрытанію, атрымаў спэцыяльнасьць тэхніка-дантыста. Ад 24.12.1946 быў сябрам ЗБВБ, а ў 1949 г. быў абраны старшынём арганізацыі. Пазьней выконваў іншыя функцыі ў Галоўнай управе ЗБВБ. Быў сябрам ЗБК ад 1949 г., адным са стваральнікаў Беларускага хрысьціянскага акадэмічнага аб’еднаньня “Жыцьцё” і Беларускага акадэміцкага каталіцкага аб’еднаньня “Рунь”. У 1956 г. разам з жонкай Верай Касьцюкевіч выехаў у ЗША. Жыў у Нью-Ёрку, дзе меў дантыстычную майстэрню. Стаў актыўным ўдзельнікам беларускага жыцьця. Уваходзіў у кіраўніцтва БАЗА і яго ньюёрскага аддзелу, сябрам рэдкалегіі газэты “Беларус”, ад 1982 г. старшынём Рады дырэктароў Фундацыі імя П. Крэчэўскага, радным БНР. Памер у Мангэсэце на Лонг-Айлэндзе (штат Нью-Ёрк). Пахаваны на могілках у Іст-Брансьвіку.

Пра ягоную жонку я ўжо пісала тут: http://hardzin.livejournal.com/56941.html


Францішак Бартуль у Лондане.

Магіла Веры і Францішка Бартуляў