December 23rd, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 18-20 жніўня. Х. Шыбут, С. Серафіновіч, М. Рудзь

Скончыўся мой надзвычай напружаны тыдзень і магу нарэшце працягнуць свой каляндар. Тое, што прапусціла, групую па некалькі дзён. Тым больш што і з ілюстрацыямі аказалася складана...

ХВЕДАР ШЫБУТ (26.06.1901 (паводле інш. звестак — 14.04.1900), в. Дунайчыцы (сёння Клецкі р-н Мінскай вобл.) — 18.12.1990, Норт-Плейт, Нябраска, ЗША), грамадскі дзеяч. У 1925—1926 гг. быў сябрам Беларускага сялянскага саюза. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у беларускай цывільнай адміністрацыі. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. У 1945 г. стаў кіраўніком бацькоўскага камітэта Беларускай гімназіі ў Рэгенсбургу. У 1950 г. прыехаў у ЗША. Пасяліўся ў штаце Каларада (г. Пуэбла). Прыхільнік БЦР, прадстаўнік БККА на Каларада.

СЫМОН СЭРАФІНОВІЧ (19.12.1910 – 1996?). Паходзіў з ваколіцаў Міра (сёньня Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.). Падчас нямецкай акупацыі быў начальнікам паліцыі ў Міры. Летам 1944 г. быў далучаны да 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, здаўся ў палон амэрыканцам і пайшоў добраахвотнікам ў 2-гі Польскі корпус. У Вялікабрытаніі з 1946 г. Ад 19.01.1947 быў сябрам ЗБВБ, уваходзіў у склад першай Галоўнай управы. Падтрымаў апазыцыю ў ЗБВБ – і быў пазбаўлены сяброўства. У красавіку 1948 г. увайшоў у Часовую ўправу ХАБР, а пры канцы 1948 г. заняў пасаду віцэ-старшыні арганізацыі. Быў сябрам рэдакцыі часопіса “Аб’еднаньне”. У 1952 г. прызначаны на пасаду прадстаўніка Штаба БВР у Вялікабрытаніі (пазьней – начальнік Штабу БВР у Вялікабрытаніі). У 1954 г. стаў сябрам БВФ. У 1960-1980-х гг. быў парафіянінам лёнданскага прыхода Сьв. Эўфрасіньні Полацкай. У 1990-х гг. супраць яго была распачатая крымінальная справа за ваенныя злачынствы. Аднак была спыненая з прычыны занадта сталага веку і хваробы абвінавачанага.

МАКСІМ РУДЗЬ (20.12.1910 – 13.02.1979), грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся ў в. Сычавічы каля Радашкавічаў (сёньня Маладзечанскі р-н). Скончыў Радашкавіцкую беларускую гімназію. Падчас нямецкай акупацыі быў курсантам Менскай афіцэрскай школы БКА. Летам 1944 г. быў далучаны да 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, перайшоў на бок саюзьнікаў, затым служыў у 2-м Польскім корпусе. У 1946 г. прыбыў у Вялікабрытанію. Ад 06.01.1947 быў сябрам ЗБВБ. Актыўны ўдзельнік беларускага жыцьця ў Брытаніі. Памёр у Бэдфардзе. Частку сваёй маёмасьці пакінуў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане. Пахаваны на могільніку Mortlake ў Лёндане.

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 22-23 снежня. Мікалай Шчорс, Аляксандр Бакуновіч

МІКАЛАЙ ШЧОРС (1913, Новы Свержань (сёння Стаўпецкі р-н Мінскай вобл.) — 22.12.1995, Даўнт-Мора, Фларыда, ЗША). Грамадскі дзеяч, лекар. Скончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта, займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю. У 1935—1937 гг. — старшыня Беларускага студэнцкага саюза. У 1939 г. выехаў у Варшаву. Ад 1940 г. — старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве. Кіраўнік г. зв. “групоўкі Шчорса”, якая цесна супрацоўнічала з нямецкім абвэрам і разглядала падзеі будучай акупацыі як магчымасць стварыць беларускую дзяржаву пад нямецкім пратэктаратам. На пасяджэнні беларускага актыву ў Берліне 19 чэрвеня 1941 г. быў выбраны старшынём Беларускага нацыянальнага цэнтра, які разглядаўся як урад будучай Беларусі. Аднак праз тры тыдні, пасля наведання Беларусі, адмовіўся ад палітычнай дзейнасці. Вярнуўся ў Варшаву, дзе цягам пяці гадоў узначальваў Беларускі камітэт. Ад восені 1944 г. — у Нямеччыне. У 1946—1947 гг. узначальваў Беларускае праваслаўнае аб’яднанне, падтрымаў аднаўленне БЦР. У 1949 г. выехаў у ЗША. Пасяліўся ў Нью-Ёрку. У 1950—1951 гг. узначальваў ЗБАДК. Ініцыятар стварэння Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі, яго першы старшыня (1951—1955). У 1955 г. падаў у адстаўку з пасады старшыні. Быў адным са стваральнікаў Камітэта незалежнай Беларусі. У 1958 г. — адзін са стваральнікаў Беларуска-амерыканскага звяза. Пры канцы 1950-х адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці, выехаў у Пляцбург (штат Нью-Ёрк), дзе меў клініку. З’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Амерыканскай асацыяцыі хірургаў. Пасля выхаду на пенсію пераехаў у Фларыду.



АЛЯКСАНДАР БАКУНОВІЧ (нар. 23.12.1918), грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў в. Малыя Сьцяблевічы Лунінецкага павету (цяпер Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласьці) у заможнай сялянскай сям’і. З 1944 г. — у Нямеччыне, дзе па сканчэньні Другой Сусьветнай вайны жыў з сям’ёй у беларускіх лягерах Рэгенсбург, Міхельсдорф, Віндышбэргердорф. Ад 1950 г — у Аўстраліі. Ад 1973 г. — у Беларускім Культурна-Грамадзкім Клюбе, у якім на працягу 17 гадоў працаваў на пасадзе скарбніка.


Здымак зроблены ў Сіднэі пры канцы сакавіка 2003 г. Злева направа: Аляксандр Бакуновіч, я, Ліза Бакуновіч і Мітрафан Бакуновіч