December 31st, 2012

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 31 снежня. Браніслаў Курага-Скрага

БРАНІСЛАЎ КУРАГА-СКРАГА, на эміграцыі Янка Пілецкі (31.12.1906 – ?). Нарадзіўся ў Докшыцах (сёньня Віцебская вобл.). Вучыўся ў Наваградзкай гімназіі, потым настаўнічаў. У 1929–1930 гг. вучыўся ў артылерыйскай школе запасу. Працаваў у Гарадзішчы пад Баранавічамі, у Нясьвіжы. У 1936 г. выехаў у Францыю, аднак, ня здолеўшы ўладкавацца на працу, перабраўся ў Гішпанію. Праз тры гады зноў вярнуўся ў Францыю, працаваў на сельскагаспадарчых плянтацыях і фэрмах. У 1944 г. перабраўся ў Вялікабрытанію. Пасяліўся ў Лёндане, дзе ўладкаваўся перакладчыкам. Ад 05.10.1947 сябра ЗБВБ. Старшыня Лёнданскага аддзелу ЗБВБ. Сябра ЗБК ад 1949 г. Аўтар артыкулаў у брытанскіх беларускіх пэрыёдыках, падпісваўся імем Янка Пілецкі. У 1956 г. разам з жонкай выехаў у БССР. Жыў у Менску. Працаваў рэфэрэнтам-перакладчыкам у Акадэміі навук БССР. Аўтар кнігі “Восем год у нацыяналістычным балоце” (Менск, 1958), прысьвечанай жыцьцю ў Лёндане і ўдзелу ў нацыянальных арганізацыях.