January 4th, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 3 студзеня. Мікола Нікан

МІКОЛА НІКАН (03.01.1908, Варшава, Польшча — 16.06.1999, Мельбурн, Аўстралія), грамадскі дзеяч. Меў вышэйшую адукацыю. У 1929 г. служыў у польскім войску, пасля — настаўнічаў у Беларусі ў польскай школе і на настаўніцкіх курсах у Гародні. У 1939 г. быў арыштаваны савецкімі ўладамі і высланы ў Варкуту. У 1942 г. далучыўся да Арміі Андэрса. У шэрагах 2-га польскага корпуса прайшоў праз Сірыю, Егіпет, удзельнічаў у ваенных дзеяннях у Італіі. У 1947 г. у Вялікабрытаніі дэмабілізаваўся ў рангу капітана. Быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, а ў 1950—1951 гг. — старшынём арганізацыі. Таксама быў сябрам Згуртавання беларускіх камбатантаў і БХАА “Жыццё”. У 1952 г. пераехаў на сталае жыхарства ў Мельбурн, дзе адразу далучыўся да беларускага грамадскага жыцця. Быў сакратаром Згуртавання беларусаў у Вікторыі, сакратаром Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі. Доўгі час быў прадстаўніком БЦК ў Камітэце паняволеных народаў. Выкладаў беларускую мову і геаграфію ў беларускай школе ў Мельбурне. Быў адным з ініцыятараў набыцця Беларускага дому, падтрымаў ідэю арганізацыі сустрэчаў беларусаў Аўстраліі. Доўгія гады распаўсюджваў беларускую прэсу ў штаце Вікторыя і быў сталым карэспандэнтам з Мельбурну для розных эміграцыйных выданняў.



звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 4 студзеня. Аўген Вярбіцкі

АЎГЕН ВЯРБІЦКІ (04.01.1922, м. Краснае Маладзечанскага пав. Віленскага ваяв. (сёння Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) — 29.06.1986, Філадэльфія, Пенсільванія), хімік, грамадскі дзеяч. У пасляваеннай Нямеччыне вучыўся ва універсітэце УНРРА ў Мюнхене. Сябра Беларускага студэнцкага згуртавання і Студэнцкага стыпендыяльнага фонду. У ЗША прыбыў у 1949 г. Скончыў біялагічны факультэт Ратгерскага універсітэта, атрымаўшы ступеню доктара навук. Пераехаў у штат Аёва і пачаў спецыялізавацца ў хіміі мясной прадукцыі. Пазней атрымаў пасаду галоўнага навукоўца ў ваеннай лабараторыі даследаванняў ежы; дасягнуў вялікіх посьпехаў у галіне кансерваваньня харчоў (шляхам ірадыяцыі), стваральнік «касмічнае ежы», якая выкарыстоўвалася ў касмічных палётах амерыканскіх астранаўтаў. Ягоны заслугі былі адзначаная, калі тыя прывезьлі з Месяца месяцовую пароду: кавалачак яе прэзідэнт ЗША ўручыў таксама і Вярбіцкаму. Быў сябрам Нью-ёрскай Акадэміі навук, Амерыканскага хімічнага таварыства, Амерыканскага інстытуту тэхналогіі ежы, Амерыканскага таварыства мясной прамысловасці, ганаровым сябрам Таварыства прагрэсу навукі. У 1954—1957 гг. быў заступнікам старшыні Галоўнай управы БАЗА. Быў сябрам БІНіМу.

Цікавы тэкст пра Вярбіцкага і ягоныя нататкі з падарожжа па СССР былі апублікаваныя ў альманаху "Асоба і час", а таксама будуць у новай кнізе Лявона Юрэвіча "Жанры", што мае выйсці цягам бліжэйшага месяца.