January 6th, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў выданнях. 5 студзеня. "Крывіцкі сьветач"

У студзені 1946 г. у Мюнхене выйшаў першы нумар часопіса беларускіх студэнтаў у Нямеччыне "КРЫВІЦКІ СЬВЕТАЧ". Гэта быў своеасаблівы працяг "Студэнцкіх вестак", якіх выйшла толькі два нумары. Сам "Крывіцкі сьветач" выдаваўся толькі цягам пачатку 1946 -- пачатку 1947 гг., ператварыўшыся потым у "Студэнцкі Кліч". Структура нумароў "Крывіцкага сьветача" была падобная да ўсіх тагачасных не толькі студэнцкіх часопісаў: спачатку нейкая перадавіца, звязаная з пэўнай падзеяй ці асобай, а далей матэрыялы інфармацыйна-асветнага плану. Публікаваліся творы класікаў, навуковыя артыкулы. Уласныя матэрыялы, пераважна, падпісваліся псеўданімамі ці крыптанімамі. Абавязковым раздзелам ішла хроніка студэнцкага ці агульнага беларускага жыцця.

Апісанне паводле Бібліяграфіі Кіпеляў:
Крывіцкі Сьветач
Мюнхэн, Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне
№ 1 (3), студз. 1946
№ 2-3 (4-5), люты-сак. 1946 -- тэкст лацінкай
№ 4-5 (6-7), kras.-trav. 1946 Год 2. -- Kryvicki Śvetač.
Orhan Bieіaruskaha (Kryvickaha) Studenckaha Zhurtavanna. Miesačny časapis studenckaje moladzi
№ 6 (8), cerv. 1946
№ 7-8 [8-10], lip.-žniv. 1964 Hod. 2
№ 9-10 [11-12], kastr.-list. 1946 -- Orhan Biełaruskaha Studenckaha Zhurtavanna
№ 11 [13], śniez. 1946
№ 12 [14], studz.-luty-sak. 1947 Hod 3.
Прадаўжае нумарацыю “Студэнцкіх Вестак” (выйшла 2 нумары)
Прадаўжаецца “Студэнцкім Клічам.

Першага нумару не маю, затое ёсць апошні.
звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 6 студзеня. Юрка Віцьбіч

ЮРКА ВІЦЬБІЧ (сапр. Серафім Шчарбакоў, на эміграцыі Юры Стукаліч, 02(15).06.1905, Веліж Віцебскай губ. (сёння Расія) — 06.01.1975, Саўт-Рывер, ЗША), літаратар, публіцыст, краязнаўца, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся у сям’і святара. Вучыўся ў педагагічным тэхнікуме. У 1922—1933 працаваў на хімічных заводах у Маскве. Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне “Узвышша”, у 1939 г. прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. У часе нямецкай акупацыі актыўна выступаў у друку, выдаў два зборнікі публіцыстыкі — “Вяліжскія паўстанцы” і “Нацыянальныя святыні”, выступаў у друку з артыкуламі па гісторыі Беларусі. Быў сябрам Беларускага культурнага згуртавання, рэдактарам часопіса “Узвышша”, адзіны нумар якога быў падрыхтаваны ў 1944 г. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. У 1946 г. у Нямеччыне стварыў і ўзначаліў літаратурнае аб’яднанне “Шыпшына”, выдаваў аднайменны часопіс, а таксама часопісы “Звіняць званы Святой Сафіі”, “БІС”, газету “Беларускае слова”. Ад 1949 г. жыў у ЗША. Друкаваўся ў беларускім і рускім перыядычным друку, у тым ліку “Новым рускім слове”. Супрацоўнічаў з радыё “Свабода”. Як пісьменнік дэбютаваў у 1929 г. у часопісе “Узвышша”. Аўтар кніг прозы “Смерць Ірмы Лаймінг” (1932), “Формула супраціўлення касцей” (1937). У эміграцыі выдаў кнігу гістарычных нарысаў “Плыве з-пад Святое гары Нёман” (Мюнхен, 1956) і зборнік артыкулаў на рускай мове “Мы дойдем” (Нью-Ёрк, 1975).

У апошнім нумары Запісаў БІНіМ змешчаныя цікавыя здымкі беларускіх пісьменнікаў з архіву Юркі Віцьбіча. А ў 2010 г. ў серыі Бебліятэка Бацькаўшчыны выйшла кніга ягонай даваеннай прозы "Лшона Габоа Бійрушалайм". Кніга яшчэ ёсць у продажы ў Мінску.