January 8th, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 8 студзеня. Уладзімір Дудзіцкі

УЛАДЗІМІР ДУДЗІЦКІ (сапр. Гуцька, на эміграцыі Гіцкі; 08.01.1911, в. Дудзічы (сёння Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.) — пасля 1976), літаратар, публіцыст, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Мінску, потым працаваў стыль-рэдактарам у газеце “Савецкая Беларусь” і перакладчыкам у Навукова-тэхнічным выдавецтве ды вучыўся на літаратурна-лінгвістычным факультэце Вышэйшага педагагічнага інстытута. На пачатку 1930-х падрыхтаваў зборнік паэзіі “Песні і думы”, канфіскаваны падчас арышту ў 1933 г. Паводле прысуду калегіі НКУС СССР, быў прысуджаны да трох гадоў зняволення. Адбываў пакаранне у Новасібірску, Марыінску. Па вызваленні жыў у Ташкенце, працаваў у газеце “Фізкультурнік Узбекістана”. Пасля 1937 г. вярнуўся ў Беларусь, жыў у Віцебску, дзе нейкі час працаваў настаўнікам беларускай мовы. Але ў 1939 г. быў афіцыйна адхілены ад настаўніцкай дзейнасці. У часе нямецкай акупацыі працаваў у аддзеле культуры і асветы Мінска і Мінскай акругі. Супрацоўнік “Беларускай газеты”, школьны інспектар у Барысаве. Уваходзіў у склад БЦР, быў сябрам Беларускага культурнага згуртавання, дзе ўзначальваў аддзел прапаганды, рэдагаваў часопіс “Беларус на варце”. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі ў Нямеччыне. У 1949 г. выехаў у Венесуэлу, дзе заснаваў Згуртаванне беларусаў у Венесуэле. Працаваў у інстытуце сельскай гаспадаркі. У 1956—1962 гг. — кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленне”. У 1962 г. выехаў у ЗША. Некаторы час жыў у Нью-Ёрку, пазней перабраўся ў Індыяну, дзе ў 1976 г. бясследна знік.

Збор твораў Уладзіміра Дудзіцкага выйшаў у 2010 г. у серыі "Галасы Айчыны" выдавецтва "Лімарыус".



***
Ёсьць у нашай малітве словы:
“Даруй грэшным усе грахі”.
...Калі бачыш сьвятло ў новым —
не спыняйся, ня будзь глухі!

1958
***
Найпрасьцей яно — зусім папросту:
падысьці, прыблізіцца да цела,
каб спадзея розьвітку і росту
у грудзёх жарствою не асела.
І рукамі — смугласьцю калянай,
гартаванаю у працы цяжкай —
прыкунежыць шчыра і заглянуць
у журботны твар свае манашкі...
Ціхі роздум шчырасьці няварты,
лепш імкліва пасьці і разьбіцца...
У калоду згорнутыя карты
не адкрыюць сэрца варажбітцы.
І яно — ад посьніцы і посту —
неяк глуха стукае у скроні.
Найпрасьцей яно — зусім папросту:
думкі й сэрца цела — на далоні.

Каракас, травень 1950
звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 8 студзеня. Іна Рытар, Барбара Вержбаловіч, Парфіры Трысмакоў

ІНА КАХАНОЎСКАЯ (дзяв. Рытар, у першым шлюбе Сеўрук, псеўд. Аляксандра Саковіч, 27.12.1906, Адэса (сёння Украіна) — 08.01.1997, Кліўленд, ЗША), пісьменніца, грамадская дзяячка, другая жонка А. Калубовіча (Каханоўскага). Ад 1921 г. жыла ў Мінску, вучылася ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, скончыла гістарычнае аддзяленне педфакультэта БДУ. Працавала выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры. Першы муж (ажаніліся ў 1930 г.) быў высланы на Калыму. З малой дачкой (сын-першынец памёр) вярнулася ў Беларусь. Падчас нямецкай акупацыі жыла на радзіме бацькоў у Ярэмічах (сёння Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.), настаўнічала, была выкладчыцай у Наваградскай настаўніцкай семінарыі. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. Жыла ў беларускім лагеры ў Рэгенсбургу, выкладала нямецкую і англійскую мовы ў беларускай гімназіі ім. Я. Купалы. Тут у выніку трагічнага выпадку загінула дачка. У 1950 г. выехала ў ЗША. Жыла ў Нью-Ёрку, брала ўдзел у нацыянальным грамадскім жыцці, уваходзіла ў Галоўную ўправу БАЗА, управу БІНІМа. У 1955 г. узяла шлюб з А. Калубовічам (Каханоўскім) і пераехала ў Кліўленд. Выкладала ў беларускай суботняй школцы, займалася літаратурнай творчасцю. У 1986 г. выйшаў збор твораў “У пошуках праўды”.



БАРБАРА ВЕРЖБАЛОВІЧ (1901 — 08.01.1967; Мюнхен, Нямеччына), спявачка (меца-сапрана), грамадская дзяячка. У 1933 г. вучылася ў Беларускім музычным тэхнікуме, а ў 1938 г. скончыла Беларускую кансерваторыю. Па яе сканчэнні была салісткай беларускай оперы. У 1944 г. разам з Галінай Ганчарэнка, якой яна апекавалася пасля арышта маці, выехала ў Нямеччыну. Мела поспех як эстрадная спявачка. Выступала ў складзе тэатральнай групы «Жыве Беларусь» (пазней — Беларускі тэатр эстрады). На эміграцыі запісала некалькі кружэлак. У 1950 г. перабралася ў ЗША зарабляла фізычнай працай на фабрыцы. У 1954 г. стала працаваць у беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленьне” у Мюнхене. Памерла ад ранаў, атрыманых у дарожнай аварыі.



ПАРФІРЫ ТРЫСМАКОЎ (17.11.1903—8.01.1985), грамадскі дзеяч. Паходзіў з Гомельшчыны. Працаваў выкладчыкам у Машынабудаўнічым інстытуце ў Гомелі, а потым — загадчыкам катэдры тэхнічнай матэматыкі Беларускага Палітэхнічнага Інстытута ў Менску. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Менскай Гарадзкой Управе, зьяўляўся сябрам Беларускага Навуковага Таварыства. Зь лета 1944 г. — на эміграцыі. На працягу 1945—1949 гг. працаваў настаўнікам фізыкі й хіміі ў Гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгензбургу. Эміграваў у Аўстралію, дзе ў Адэляйдзе далучыўся да беларускай грамады. Актыўны ўдзельнік жыцьця беларускай парафіі Сьв. Апосталаў Пятра й Паўла, уваходзіў у царкоўную ўправу, быў дэлегатам на Епархіяльным зьезьдзе духавенства і вернікаў БАПЦ у Мэльбурне ў 1960 г. У 1974 г. — абраны дэлегатам на ХІІІ Сэсію Рады БНР. Сябра Беларускага Аб’еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі.
звычайная

Да календароў на 2013 год

Глядзела на розных сайтах календары вартых адзначэння датаў 2013 г. і заўважыла, што эміграцыйныя дзеячы пераважна застаюцца па-за ўвагай. Нібыта і не вартыя яны асаблівай увагі. Шкада і дарма.

Задумалася, якія б вартыя згадкі эміграцыйныя "круглыя" даты я сама прапанавала ў 2013 г.

Вось што прыблізна атрымалася:

120 гадоў
Канстанцін Езавітаў (05.11.1893, Дзвінск (сёння Даўгаўпілс, Латвія) — 23.05.1946, Мінск), ваенны і грамадска-палітычны дзеяч.

Аляксандр Ружанцоў (12.08.1893, Вязьма (сёння Расія) — 23.07.1966, Дэнвіл, ЗША), вайсковы дзеяч, літаратар, бібліёграф.

Францішак Чарняўскі (03.11.1893, в. Чухны Ашмянскага пав., Віленскай губ. (сёння Смаргонскі р-н Гарадзенскай вобл.) — 31.05.1979, г. Амстэрдам, Нью-Ёрк, ЗША), рэлігійны дзеяч, каталіцкі святар, выдавец.

Мікола Шчаглоў-Куліковіч (04.04.1893, Смаленск або Смаленшчына — 31.03.1969, Чыкага, ЗША), кампазітар, музыка, музыказнаўца, грамадска-культурны дзеяч.

110 гадоў
Мікола Абрамчык (16.08.1903, в. Сычавічы Вялейскага пав. Віленскай губ. (сёння Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) — 29.05.1970, Парыж, Францыя), палітык, грамадскі дзеяч, публіцыст, прэзідэнт Рады БНР (1947—1970).

Наталля Арсеннева (20.09.1903, Баку, Азербайджан — 25.07.1997, Рочэстар, ЗША), паэтка, грамадская дзяячка.

Вінцэнт Жук-Грышкевіч (23.02.1903, м. Будслаў (сёння Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) — 14.02.1989, Беры, Канада), грамадскі дзеяч, педагог, старшыня Рады БНР (1970—1982).

Алесь Змагар (сапраўднае Аляксандар Яцэвіч, 01.03.1903, в. Цароўцы Слуцкага пав. —?), грамадскі дзеяч, пісьменнік, выдавец.

Лявон Рыдлеўскі (02.10.1903, в. Ульянавічы Магілёўскай губ. (сёння Чашніцкі р-н Віцебскай вобл.) — 24.10.1953, Лондан, Вялікабрытанія), грамадскі дзеяч.

100 гадоў
Часлаў Будзька (29.06.1913, Вільня – 15.08.1985, Чыкага, ЗША), грамадскі дзеяч, гісторык, педагог.

Мікалай Шчорс (1913, Новы Свержань (сёння Стаўпецкі р-н Мінскай вобл.) — 22.12.1995, Даўнт-Мора, Фларыда, ЗША), грамадскі дзеяч, лекар.