January 12th, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 12 студзеня. Дамінік Аніська

ДАМІНІК АНІСЬКА (12.01.1888 – 28.12.1971). Нарадзіўся ў в. Слойнікі Сакольскага павету Гарадзенскай губерні (сёньня Падляскае ваяводзтва, Польшча). У 1906 г. скончыў школу ў Саколцы, увосень 1907 г. быў прыняты на вайсковую службу. Служыў у Гародні да 1909 г. У часе Першай сусьветнай вайны – у войску, быў на фронце на тэрыторыі Беларусі. Пасьля рэвалюцыі вярнуўся дахаты. З 1920 г. у польскім войску. Пасьля сканчэньня курсаў падхарунжых у Быдгошчы адпраўлены на фронт у ваколіцы Львова. У 1923 г. звольнены ў рэзэрвы, працаваў у банку. Друкаваўся ў беларускім часопісе “Хрысьціянская думка”. У часе Другой сусьветнай вайны прызваны ў польскае войска, трапіў у савецкі палон, знаходзіўся ў Гразоўцы Валагодзкай вобласьці (Расея). З 1942 г. служыў у Арміі Андэрса. Да 1946 г. знаходзіўся ў Палестыне, дзе сярод іншага дапамагаў у выданьні польскамоўнага часопіса Tygodnik Katolicki. Пазьней правёў яшчэ год у Эгіпце, адкуль у 1947 г. перабраўся ў Вялікабрытанію. Ад 1949 г. асеў у Лёндане. Жыў у Беларускім доме, дапамагаў ім апекавацца. Памёр у Лёндане, пахаваны на могільніку St. Pancras cemetery.

Здымкі Дамініка Аніські не маю. Затое маю два здымкі магілы, паміжа якімі мо гадоў 20...


Так выглядала магіла, напэўна, ад часу яе ўсталявання.


А так магіла выглядае зараз.