January 15th, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 15 студзеня. Анатоль Шкутка

АНАТОЛЬ ШКУТКА (15.01.1908—?), грамадзкі дзеяч. Паходзіў з Заходняй Беларусі. У 1930-х гадах вучыўся ў Бэрлінскім унівэрсытэце й атрымаў дыплём інжэнэра. Старшыня Беларускага Прадстаўніцтва ў Бэрліне. Па сканчэньні Другой Сусьветнай вайны стварыў Беларускі камітэт у Брайншвайгу. Удзельнік аднаўленчага з'езду БЦР у Эльвангене у 1948 г. У 1949 г. разам зь сям’ёй выехаў у Аўстралію. Пасяліўся ў Брысбэне (Квінслэнд), дзе спрабаваў наладзіць ўласны бізнэс. Да канца 1950-х гадоў падтрымліваў сувязі зь беларусамі Сыднэю. Быў удзельнікам арганізацыйнага сходу мясцовых беларусаў у сакавіку 1950 г. і заснаваньня агульнага Беларускага Аб’еднаньня ў Новай Паўднёвай Валіі (потым БАА). Пасьля расколу арганізацыі стаў на бок прыхільнікаў БЦР і некаторы час выступаў як кіраўнік аддзелу БАА ў Квінслэндзе. Аднак ад канца 1950-х гадоў зьвесткі пра яго дзейнасьць губляюцца.

Расказвалі, што з Бэрліну Шкутка вывез у Аўстралію вялікую калекцыю марак, якую даволі выгадна прадаў (ледзьве не хату сабе набыў у выніку).