January 18th, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 18 студзеня. Пётра Сыч

ПЁТРА СЫЧ (18.01.1912, в. Батурына Вялейскага пав. Віленскай губ. (сёння Вялейскі р-н Мінскай вобл.) — 20.06.1964, Мюнхен, Нямеччына), літаратар, журналіст. У 1929 г. скончыў гімназію ў Вялейцы, два гады правучыўся на філалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта і вымушаны быў кінуць навучанне, уладкаваўся на працу чыноўнікам. Супрацоўнічаў з рэдакцыямі польскіх газет у Вільні. У 1939 г. мабілізаваны ў польскае войска, трапіў у савецкі палон. Уцёк, але зноў быў арыштаваны. У чэрвені 1940 г. быў пераведзены з вялейскай у полацкую турму, асуджаны на 10 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў у Комі АССР. Далучыўся да Арміі Андэрса, разам з якой прайшоў праз Іран, Ірак, Сірыю, Палестыну, Егіпет. Браў удзел у бітве за Монтэ-Касіна, баях за Анкону і Балонію. У 1946 г. апынуўся ў Вялікабрытаніі. Сябра Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі. Актыўны аўтар і супрацоўнік часопіса “Беларус на чужыне”. У 1951 г. пераехаў у Заходнюю Нямеччыну. Жыў у Мюнхене. Быў галоўным рэдактарам сатырычнага часопіса “Шарсцень”, супрацоўнічаў з газетай “Бацькаўшчына”. Ад 1954 г. быў намеснікам галоўнага рэдактара беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленне”. Аўтар мемуарнай аповесці “Смерць і салаўі” (1965), прысвечанай бітве за Монтэ-Касіна.

У мінулых Запісах мы апублікавалі нататнік Пётры Сыча, дзе цікавыя накіды, карыкатуры, а таксама часам даволі рэзкія ці фрывольныя запісы.