January 20th, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 20 студзеня. Мікола Латушкін, Мікола Буляк, Гіпаліт Лось

МІКОЛА ЛАТУШКІН (да 1945 — Уладзімір Гарэлік, 20.01.1922, Сіпайлы Бялыніцкага раёна — 06.01.2006, Чыкага), грамадскі дзеяч. Скончыў сярэднюю школу ў Галоўчыне. Мабілізаваны ў Чырвоную Армію, служыў у савецкай Латвіі (Вентспілс), дзе скончыў вайсковую школу ў ранзе лейтэнанта. З пачаткам вайны трапіў у палон, вызвалены, скончыў курсы прапагандыстаў у Вустраве. Накіраваны ў Мінск, дзе пазнаёміўся з Акінчыцам, скончыў курс вышэйшых кіраўнікоў СБМ. У чэрвені 1943 г. прызначаны ад’ютантам шэфа-правадніка СБМ (М. Ганько), адначасова кіраваў службай унутранай бяспекі Кіраўнічага штаба СБМ, пісаў для часопіса “Жыве Беларусь!”. Летам 1944 г. эвакуаваўся, быў у штабе СБМ у Тропаве. Па вайне вучыўся ў сельскагаспадарчых школах Нямеччыны. Выехаў у ЗША, напачатку жыў у Філадэльфіі, затым у Кліўлендзе. Абраны прадстаўніком БЦР на штат Агаё. У 1956 г. пераехаў у Чыкага, браў актыўны ўдзел у жыцці часткі беларускай грамады, што трымалася платформы БЦР. Быў прадстаўніком БЦР на штат Ілінойс, а таксама прадстаўніком Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі, актывістам парафіі св. Юрыя ў Чыкага, шматгадовым сакратаром управы.




МІКОЛА БУЛЯК (20.01.1915, Варшава – ?). Скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. У часе Другой сусьветнай вайны быў старшынём павету ў Наваградку. Са студзеня 1944 г. радны БЦР. Зь лета 1944 г. на эміграцыі. У Вялікабрытаніі з 1946 г. Быў адзінай цывільнай асобай, хто браў удзел у Першым зьезьдзе ЗБВБ (18–19 студзеня 1947 г.). Ад 19.01.1947 быў сябрам ЗБВБ, адразу ж абраны віцэ-старшынём Галоўнай управы. Аднак у хуткім часе стаў на чале прыхільнікаў БЦР (апазыцыі ў ЗБВБ) і быў пазбаўлены сяброўства ў Згуртаваньні. Ад сакавіка 1948 г. узначаліў Часовую ўправу ХАБР. Спрычыніўся да заснаваньня часопісу “Аб’еднаньне”, аднак неўзабаве сур’ёзна захварэў (манія перасьледу), адышоў ад грамадзкай дзейнасьці і пакінуў Лёндан.

ГІПАЛІТ ЛОСЬ (20.01.1910 – ?). Нарадзіўся ў в. Белькішкі пад Сьвірам (сёньня Мядзельскі р-н Менскай вобл.). Ад 1928 г. быў карэспандэнтам “Хрысьціянскай Думкі”, пісаў таксама ў “Беларускую Крыніцу” і “Шлях Моладзі”. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў 1941 г. і вывезены ў Сыбір. Апынуўся ў Арміі Андэрса (потым 2-гі Польскі корпус), ваяваў на Блізкім Усходзе, у Эгіпце. У 1948 г. прыбыў у Вялікабрытанію. Ад 10.08.1948 сябра ЗБВБ.