January 22nd, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 22 студзеня. Мітрапаліт Ізяслаў (Бруцкі)

Мітрапаліт ІЗЯСЛАЎ (свецкае імя Іван Бруцкі, 22.01.1926, в. Белавуша Лунінецкага пав. Палескага ваяв. (сёння Столінскі р-н Брэсцкае вобл.) — 27.11.2007, ЗША), рэлішійны і грамадскі дзеяч, глава БАПЦ. Скончыў польскую пачатковую школу. У 1943 г. быў вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Ад 1947 г. жыў у Канадзе, скончыў Манітобскі ун-т у Вініпегу (1954) у галіне інжынерыі; працаваў дарожным інжынерам. У 1957—1962 гг. быў старшынём Згуртавання беларусаў Канады. У 1962 г. пераехаў у ЗША. Спачатку жыў у Дэтройце, ад 1965 г. — у Лос-Анжэлесе, у 1969—1970 гг. — у Кліўлэндзе, у 1970—1984 гг. — зноў у Дэтройце. Быў старшынёй Каліфарнійскага аддзелу БАЗА (1965—1969), Дэтройцкага аддзелу БАЗА (1964—1965, 1975—1979). У 1975—1979 гг. — сябра Галоўнай управы гэтай арганізацыі. У 1970-х гг. — кіраўнік белеларускіх структураў Рэспубліканскай партыі ў штаце Мічыган. У 1984 г. на сталае жыццё перабраўся ў Нью-Ёрк. Скончыў Украінскую праваслаўную семінарыю ў Боўнд Бруку (Нью-Джэрзі). У 1979 г. у Дэтройце рукапаложаны на святара архіяпіскапам БАПЦ Мікалаем. 22 лютага 1981 г. хіратанізаваны на япіскапа зверхнікамі Украінскае Праваслаўнае Царквы. У 1982 г. адкрываў малітваю паседжанне Кангрэсу ЗША. На ІІІ Саборы БАПЦ у Манчэстэры (травень 1984; сабор не прызнаны часткаю Царквы) абраны на мітрапаліта БАПЦ. Пасля «аб’яднальнага» Сабору БАПЦ 30 жніўня 2003 ачоліў Царкву. Жыў у Брукліне.