January 23rd, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 23 студзеня. Павал Асіповіч, Міхась Іскрыцкі, Алеся Чабатар

ПАВАЛ АСІПОВІЧ (19.11.1923 – 23.01.1997), грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся ў в. Беніца Маладзечанскага павету Віленскага ваяводзтва (сёньня Маладзечанскі р-н Менскай вобл.). Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Маладзечанскай гандлёва-адміністрацыйнай школе, Менскай афіцэрскай школе БКА, у складзе якой апынуўся на выгнаньні і быў далучаны да 30-й грэнадэрскай дывізіі СС. Перайшоў на бок саюзьнікаў і далучыўся да 2-га Польскага корпусу. З 1946 г. у Вялікабрытаніі, там жа ў 1948 г. дэмабілізаваўся. Скончыў Польскую гандлёвую школу ў Глазга. Працаваў бухгальтарам у Вялікабрытаніі, Гане і Нігерыі. Пазьней пасяліўся ў Лёндане. Быў адным з найбольш актыўных беларусаў у Вялікабрытаніі. Сябра ЗБВБ ад 01.10.1946. Ва ўправе арганізацыі займаў розныя пасады. У 1953 і 1955 гг. быў старшынём ЗБВБ, а ў 1963–1996 гг. – скарбнікам. Быў сябрам ЗБК (з 1949 г.) і Беларускага хрысьціянскага акадэмічнага аб’еднаньня “Жыцьцё” (з 1948 г.) Адзін з заснавальнікаў Англа-беларускага таварыства, быў скарбнікам у 1964–1997 гг., а таксама скарбнікам Беларускай харытатыўнай сэкцыі. Ад імя ЗБВБ браў удзел у працы Эўрапейскай групы сувязі (European Liaison Group), дзе таксама доўгі час выконваў функцыі скарбніка. Памёр у Лёндане. Паводле жаданьня жонкі спалены прах пахаваны пры касьцёле Андрэя Баболі ў брытанскай сталіцы.



МІХАСЬ ІСКРЫЦКІ (нар. 23.01.1923), рэлігійны дзеяч. Нарадзіўся ў в. Пухічын Азарыцкага р-на Палескай вобл. (сёньня Акцябрскі р-н Гомельскай вобл.). У часе Другой сусьветнай вайны працаваў на гаспадарцы, потым служыў у паліцыі, ад 1943 г. у батальёне Арлоўскай паліцыі на чале з палкоўнікам Паніным. Разам з гэтым батальёнам, дзе служыў і брат Кастусь Іскрыцкі, праз Польшчу і Нямеччыну адступіў у Італію, дзе здаўся амэрыканскім войскам і трапіў у 2-гі Польскі корпус. У Вялікабрытаніі з 1946 г. Жыў у Лёндане, потым Манчэстары. Ад 1952 г. належаў да БВР, быў удзельнікам расколаў арганізацыі ў 1954 г. і 1958 г., калі на зьезьдзе ў Манчэстэры быў абраны старшынём Галоўнай управы арганізацыі. На ягонае імя была запісаная маёмасьць БВР у Манчэстэры, што пазьней пацягнула за сабой працяглыя судовыя разьбіральніцтвы. Быў актывістам прыходу БПЦ Сьв. Мікалая ў Манчэстэры. У 1964 г. быў высьвечаны на сьвятарства ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха і перабраў пад сваё кіраўніцтва прыход, на чале якога застаецца да сёньня. Аўтар кнігі “З майго жыцьця Мітрафорнага Пратаярэя Міхаіла Іскрыцкага” (Манчэстэр, 2005).



АЛЕСЯ ЧАБАТАР (дзяв. Бушма; 1910—23.01.1991). Нарадзілася ў м. Далятычы на Наваградчыне. Ад 1929 г. актыўная ўдзельніца самадзейнасьці мясцовай беларускай моладзі. У 1932—1939 гг. — заступніца старшыні аддзелу Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры. За беларускую грамадзкую дзейнасьць зьведала перасьлед польскіх уладаў, арышты. Пасьля Другой Сусьветнай вайны празь Нямеччыну апынулася ў Аўстраліі. Жыла ў Альбані (Заходняя Аўстралія), дзе пабралася шлюбам з Кастусём Чабатаром. Нарадзіла трох дзяцей. Ад самага прыезду ў Аўстралію актыўна далучылася да беларускай грамадзкай дзейнасьці. Удзельнічала ў мерапрыемствах, ладжаных аддзелам Задзіночаньня Беларускіх Вэтэранаў у Пэрце і Беларускім Аб’еднаньнем у Заходняй Аўстраліі, сяброўкай якога была доўгія часы. Шмат садзейнічала пабудове Беларускага Народнага Дому, для якога вышыла й ахвяравала “Пагоню”.


Сям'я Кастуся і Алесі Чабатароў