January 28th, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 25 студзеня. Адольф Буката

АДОЛЬФ БУКАТА (25.01.1902 – 25.01.1977), грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся ў в. Курылавічы на Пастаўшчыне. У 1930-х выехаў у Францыю, дзе жыў да пачатку Другой сусьветнай вайны. Потым пераехаў у Бэрлін, дапамагаў Міколу Абрамчыку выдаваць газэту “Раніца”. Пасьля вайны знаходзіўся ў лягерах DP Нямеччыны, адкуль у 1949 г. прыехаў на працу ў Вялікабрытанію. Ад 20.07.1948 быў сябрам ЗБВБ, удзельнікам аддзелу ў Бірмінгеме.

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў выданнях. 26 студзеня. "Бээнэравец"

26 студзеня 1952 г. у Канадзе пабачыў свет першы і адзіны нумар цікавага перыёдыка "Бээнэравец".

Апісанне паводле Бібліяграфіі Кіпеляў:
Бээнэравец. Інфармацыйны бюлетэнь
Торонто, Выд. "Авангард Беларускі"
№ 1, 26 студз. 1952 Год 1
Адзіны ведамы нумар.

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 27 студзеня. Філарэт Родзька

ФІЛАРЭТ РОДЗЬКА (27.01.1890, в. Вераскава, сёньня Наваградзкі р-н Гарадзенскай вобл. — 05.03.1977, Нью-Джэрсі, ЗША), грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. Настаўнічаў у в. Грычынавічы (сёньня Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.). У 1915 г. мабілізаваны ў царскае войска, скончыз афіцэрскую школу, ваяваў на фронце, быў паранены. У 1918 г. вярнуўся на Палесьсе, далучыўся да арміі генэрала С.Булак-Балаховіча. У 1921 г. вярнуўся ў в. Вераскава, дзе працаваў кіраўніком школы. У 1942—1943 гг. — настаўнік Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, з 1943 г.— дырэктар беларускай прагімназіі ў Наваградку. З 1944 г. — на эміграцыі. У ЗША з 1949 г. Браў удзел у нацыянальным руху ў ЗША, быў старшынём аддзелу БАЗА ў штаце Нью-Джэрсі, старшынём аддзелу Рады БНР у Нью-Джэрсі. Арганізаваў беларускую суботнюю школу, браў удзел у арганізацыі парафіі Жыровіцкай Божай Маці ў Гайлэнд-Парку, доўгі час быў рэгентам хору парафіі. Бацька Ўсевалада Родзькі і мастачкі Галіны Русак (Родзькі).

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 28 студзеня. Беларускае Аб'яднанне ў Новай Паўднёвай Валіі

28 студзеня 1950 г. у Сыднэі была заснавана першая беларуская арганізацыя ў Аўстраліі - Беларускае Аб’еднаньне ў Новай Паўднёвай Валіі (“надпалітычнае”).

Афіцыйна зарэгістравана 25 сакавіка 1950 г. Старшыня Уладзімер Клуніцкі.
Мела на мэце аб’яднаньне беларусаў і іх прэзэнтацыю на міжнацыянальных мерапрыемствах. Выдавала першыя нумары Інфармацыйнага Бюлетэня Беларускага Аб’еднаньня ў Новай Паўднёвай Валіі “Новае Жыцьцё”.
У кастрычніку 1950 г. ператворанае ў Беларускае Аб’еднаньне ў Аўстраліі.

На здымку беларусы Сіднэю ў 1951 г.