February 4th, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 2 лютага. Задзіночанне беларускіх ветэранаў у Аўстраліі (і Новай Зе

У лютым 1950 г. з'явілася адна з першых беларускіх арганізацый у Аўстраліі.
Задзіночаньне Беларускіх Вэтэранаў у Аўстраліі (і Новай Зэляндыі)
Арганізавана ў лютым 1950 г. у Брысбэне, афіцыйна зарэгістравана як агульнааўстралійская арганізацыя 25 сакавіка 1950 г. Галоўным ініцыятарам стварэньня й кіраўніком быў Данат Яцкевіч. Было абвешчана пра стварэньне аддзелаў арганізацыі ў Пэрце (1952), Адэляйдзе (1952), Мэльбурне (1956), Тайджэры (Новая Зэляндыя, 1954) — да назвы арганізацыі далучаецца адпаведнае пазначэньне. Галоўнае Кіраўніцтва на Аўстралію ажыцьцяўлялася з управы ў Брысбэне.
Кірункамі дзейнасьці было наладжваньне нацыянальных мерапрыемтсваў, а таксама рэпрэзэнтацыя беларусаў у аўстралійскім грамадзтве й стасунках зь іншымі арганізацыямі. Задзіночаньне імкнулася актыўна ўдзельнічаць у стварэньні беларускіх стэндаў на міжнацыянальных выставах, наладзіла трансьляцыю беларускіх песень на радыё, выдавала часопіс “Łučnik”, мела ўласную друкарню.
Спыніла існаваньне хутка пасьля пераезду кіраўніка Даната Яцкевіча ў Мэльбурн. Да канца 50-х гадоў зьвесткі пра арганізацыю зьнікаюць.
звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 3 лютага. Уладзімір Шнэк

Уладзімір Шнэк (псэўд. Случанскі, 23.03.1927—3.02.1995), пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў Менску ў сям’і вайскоўца Сьцяпана Шнэка. Вучыўся ў Менскай афіцэрскай школе БКА. Па сканчэньні Другой Сусьветнай вайны апынуўся ў лягерах ДП ў Нямеччыне. У Ватэнштэце вучыўся ў беларускай гімназіі й актыўна ўдзельнічаў у скаўтынгу, надрукаваў першае апавяданьне ў лягерным часопісе пад псэўдонімам Уладзімер Случанскі. З 1950 г. — у Аўстраліі. У 1958—1961 гг. завочна вучыўся у Мастацкім Інстытуце ў Мэльбурне, сябра Згуртаваньня Мастакоў у Вікторыі. У 1969—1972 гг. скончыў Каралеўскі Інстытут Тэхналёгіі ў Мэльбурне й дастаў дыплём мэханічнага чарцёжніка. Хутка па прыезьдзе ў Аўстралію далучыўся да беларускай грамады ў Мэльбурне, стаў сябрам Аддзелу Беларускага Аб’еднаньня ў Вікторыі, ўзначаліў скаўцкі “Зьвяз імя Ўсяслава Чарадзея”. Шмат займаўся літаратурнай дзейнасьцю, выдрукаваў у 1958—1960 гг. гістарычную аповесьць “Драбы”, а таксама ўласным коштам выдаў паэму Лявона Случаніна “Рагнеда”. Сябра Беларускага Вызвольнага Фронту, займаў розныя пасады ў гэтай арганізацыі ў Аўстраліі, выдаваў часопіс “На варце” як ворган Краёвага Штабу БВФ, і гумарыстычны дадатак “Ёрш”. Ад 1982 г. ў ранзе маёра БКА стаў кіраўніком Краёвага Штабу БВФ, а ў 1986 г. ужо як палкоўнік вызначаны заступнікам начальніка Галоўнага Штабу БВФ. Падрыхтаваў і выдаў альбом “Беларуская Краёвая абарона” (1984). Удзельнічаў у Канфэрэнцыях Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі ў Тайпэі (1987, 1989), 10-м Пленуме БЦР (1988). Ад 1990 г. — сакратар ўправы БЦК ў Вікторыі. Удзельнік Першага Зьезду Беларусаў Сьвету ў Менску.

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 4 лютага. Юрка Мазура

ЮРКА МАЗУРА (1916 (?), Полацк — 04.02.1990, Дэтройт), грамадскі і вайсковы дзеяч. Ад 1928 г. жыў з бацькамі ў Наваградку. Служыў у польскім войску. У часе нямецкай акупацыі быў камандзірам звяза ў Наваградскім беларускім швадроне. Пазней быў лейтэнантам спецыяльнага беларускага аддзела ў Дальвіцкай выведчай школе. Па сканчэнні вайны вучыўся музыцы ва ўніверсітэце Філіпа ў Марбургу (Нямеччына). Стварыў беларускі студэнцкі хор, кіраваў ім, спяваў, апрацоўваў і пісаў песні. У 1950-х прыехаў у ЗША. Жыў у Дэтройце. Працаваў у аўтамабілебудаўнічай кампаніі. Кіраваў хорам. Сябра БАЗА, першы старшыня Дэтройцкага аддзела арганізацыі. Сябра Рады БНР.