February 5th, 2013

звычайная

Студэнты і беларуская мова

Сёння пачала лекцыі на трэцім курсе. Дысцыпліна - "Гісторыя прававой і палітычнай думкі Беларусі", спецыяльнасць - палітолагі. Другі год запар (колькі працую ў інстытуце) з уласнай ініцыятывы чытаю гэтую дысцыпліну па-беларуску. У мінулым годзе студэнты зусім спакойна і нават з энтузіязмам успрынялі гэта, і залік большасць здавала менавіта па беларускамоўных тэстах. Сёння ж мне давялося вытрымаць цэлую буру незадавальнення з прычыны беларускамоўнасці лекцыі. Наракалі, што даўно забыліся на мову, што нічога не разумеюць. Але мяне не пераканалі. Пад запіс дыктавала ім павольна, незразумелыя словы тлумачыла, карацей - першая лекцыя прайшла і, спадзяюся, далей будзе прасцей. Нехта нават сказаў, што спадабалася. Я ж сама сабе адзначыла, што мову яны сапраўды дрэнна ведаюць, на жаль...