February 10th, 2013

звычайная

Эміграцыйнаяя гісторыя ў асобах. 8-9 лютага. Кастусь Глінскі, Сяргей Мажэйка

КАСТУСЬ ГЛІНСКІ (08.02.1906 – 14.06.1987), грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў в. Прытычына Дзісьненскага пав. Вучыўся ў Дзісенскай гімназіі, а потым на юрыдычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту. Належыў да Беларускага студэнцкага саюзу, некаторы час быў яго старшынём, выдаваў часопіс “Студэнцкая думка”. Пазьней – старшыня Згуртаваньня беларускіх студэнтаў “Скарынія”, у 1931–1934 гг. выдаваў часопіс “Новая Варта”. Па сканчэньні ўнівэрсытэту працаваў судзьдзём у Ашмянах. Увосень 1939 г. арыштаваны савецкай уладай і прысуджаны да 8 гадоў лягераў. У зьняволеньні знаходзіўся ў Анеглагу ў Архангельскай вобласьці. Ад кастрычніка 1941 г. служыў у Арміі Андэрса, працаваў пры вайсковым трыбунале. З 1946 г. у Вялікабрытаніі. Ад 20.08.1947 быў сябрам ЗБВБ, аднак у выніку расколу пакінуў арганізацыю. Быў сябрам БВР, потым кіраўніком Лёнданскага аддзелу БВФ і ад 1969 г. ганаровым сябрам Галоўнага Штабу гэтай арганізацыі. У 1974 г. стаў старшынём Дэлегатуры БЦР у Вялікабрытаніі. Адначасова выконваў абавязкі старшыні філіі Антыбальшавіцкага блёку народаў у Вялікабрытаніі. Удзельнік разнастайных міжнародных форумаў. У 1979–1981 гг. выдаваў часопіс “Званіца”. Аўтар англамоўнай брашуры, прысьвечанай Беларусі і яе гісторыі (Byelorussia, 1982). Памёр у Лёндане, пахаваны пры касьцёле Андрэя Баболі.



СЯРГЕЙ МАЖЭЙКА (09.02.1920 – ?), грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў м. Лебедзева (сёньня Маладзечанскі р-н Менскай вобл.). Скончыў тры клясы беларускай настаўніцкай сэмінарыі. Служыў у Арміі Андэрса, разам зь якой апынуўся ў Вялікабрытаніі. Сябра ЗБВБ, уваходзіў у аддзел у Бірмінгеме. Сябра ЗБК ад 1951 г. Старшыня дружыны ЗБК у Бэрсьлеме (Сток-он-Трэнт). У 1956 г. выехаў у ЗША.