February 12th, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 10-11 лютага. Ян Дамінік, Мікола Гарошка

ЯН ДАМІНІК (10.02.1912 – 25.01.1995), грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў Клецку. Вучыўся ў Клецкай беларускай гімназіі, потым працягваў навучаньне ў Баранавічах і Вільні. У часе Другой сусьветнай вайны працаваў у беларускай адміністрацыі ў Клецку. Улетку 1944 г. выехаў на эміграцыю ў Нямеччыну, адкуль як DP прыбыў у Вялікабрытанію. Пасяліўся ў Лёндане, гандляваў нерухомасьцю. Стварыў пасьпяховы ўласны бізнэс. Афіцыйна не належаў да ніякай беларускай арганізацыі, але падтрымліваў сувязь з рознымі зь іх. Быў сталым падпішчыкам часопіса “Аб’еднаньне”. Уваходзіў у Раду апекуноў Скарынаўскай бібліятэкі, на якую пакінуў 10 тысяч фунтаў. У 1993 г. бясплатна перадаў амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Лёндане адзін са сваіх дамоў. Пахаваны на Kensal Green cemetery у Лёндане.


Справа налева: Ян Дамінік, а. Аляксандр Надсан і а. Леў Гарошка ў Скарынаўцы. Пачатак 1970-х гг.


Будынак у Лондане, які Ян Дамінік прапанаваў у бясплатнае карыстанне беларускай амбасадзе ў 1993 г. Пасля рэферэндуму 1995 г. і змены дзяржаўнай сімволікі жонка Яна Дамініка прапрасіла амбасадара вызваліць будынак, бо ў ім не магло быць іншага беларускага сцяга, акрамя бел-чырвона-белага.


МІКОЛА ГАРОШКА (05.05.1902, в. Трашчыцы Наваградскага пав. Мінскай губ. (сёння Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.) — 11.02.1979, Нью-Ёрк, ЗША), грамадскі дзеяч, бацька Расціслава Гарошкі. Вучыўся ў Карлавым універсітэце ў Празе. У ЗША прыехаў у 1948 г. Адзін са стваральнікаў і кіраўнік БАЗА ў 1949—1952 і 1965—1967 гг. Першы старшыня Фундацыі ім. П. Крачэўскага (1964—1979). Сябра рэдкалегіі газеты “Беларус”. Ад 1970 г. — сакратар Беларуска-амерыканскага рэспубліканскага клуба ў Нью-Ёрку.