February 15th, 2013

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 12 лютага. Лявон Страпко

ЛЯВОН СТРАПКО (нар. 12.02.1926). Паходзіў з в. Белін (сёньня Драгічынскі р-н Віцебскай вобл.). У 1940 г. разам з бацькоўскай сям’ёй быў вывезены ў Архангельскую вобл. Расеі. Пазьней сьледам за братам Раманам, які пайшоў служыць у Армію Андэрса, з іншымі сваякамі апынуўся ў Іране, адкуль быў накіраваны ў лягер для цывільных сваякоў польскіх жаўнераў у Афрыцы. У 1944г. быў прызваны ў Трэці польскі корпус, разам зь якім служыў у Палестыне і Эгіпце. У 1947 г. апынуўся ў Вялікабрытаніі. Быў сябрам ЗБК ад 01.10.1954. Выехаў у ЗША. Пасяліўся ў Нью-Ёрку.

Цікавыя ўспаміны Лявона Страпко можна знайсці ў кнізе Аляксандра Адзінца "Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў". Гл. тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=364#52

звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 14 лютага. Вінцэнт Жук-Грышкевіч

ВІНЦЭНТ ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ (23.02.1903, м. Будслаў (сёння Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) — 14.02.1989, Беры, Канада), грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў факультэт славянскай філалогіі і гісторыі Карлава ўніверсітэта ў Празе. Выкладаў беларускую мову і гісторыю ў Віленскай беларускай гімназіі, беларускую мову ў Праваслаўнай духоўнай семінарыі і Вышэйшай школе палітычных навук у Вільні. У 1939—1942 гг. быў у савецкай высылцы, адкуль трапіў у Армію Андэрса. Служыў на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, Італіі. У 1945—1948 гг. выкладаў гісторыю і псіхалогію ў вайсковых польскіх школах у Італіі і Вялікабрытаніі. Быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, першы старшыня арганізацыі (1947—1948). Пры канцы 1947 г. увайшоў у кіраўніцтва Рады БНР. Заснавальнік БХАА “Жыццё”. У студзені 1950 г. выехаў у Канаду. У Атаўскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю “Лірыка Янкі Купалы”. У 1954—1956 гг. — першы кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленне”. Вярнуўся ў Канаду, разам з жонкай Раісай Жук-Грышкевіч пасяліўся ў Беры (Антарыа). Стаў адным з заснавальнікаў Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады. У 1970—1982 гг. — старшыня Рады БНР. Пахаваны на могілках Іст-Брансвіка (Нью-Джэрсі, ЗША).


Здымак з кнігі Лявона Юрэвіча "Жанры"
звычайная

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 15 лютага. Янка Садоўскі

ЯНКА САДОЎСКІ (15.02.1926 – 10.06.1982), навуковец, гісторык, мовазнаўца. Паходзіў са Стоўпцаў (сёньня Менская вобл.). Падчас нямецкай акупацыі браў удзел у нацыянальна-культурным руху на Стаўпеччыне. Пасьля Другой сусьветнай вайны апынуўся ў Вялікабрытаніі. Сябра ЗБВБ ад 08.12.1946. У 1948 г. прыняты кандыдатам у ордэн марыянаў, а ў 1949 г. з блаславеньня а. Часлава Сіповіча выехаў у Рым, дзе пасьля навіцыяту пачаў рыхтавацца да сьвятарства. У 1953 г. выйшаў з марыянскага закону і з дапамогай біскупа Слосканса пачаў навучаньне ў Францускай калегіі ў Рыме. 17 сьнежня 1955 г. атрымаў сьвятарскія сьвячэньні і далей працягнуў навучаньне. У 1961 г. на загад а. Часлава Сіповіча вярнуўся ў Лёндан дапамагаць у працы Беларускай каталіцкай місіі і кіраваць інтэрнатам Сьв. Кірылы. Аднак праз два месяцы працы ў інтэрнаце адмовіўся ад сьвятарства і выехаў у Канаду. Выкладаў расейскую мову й літаратуру ў Куінскім унівэрсытэце (штат Антарыё). Аўтар манаграфіі Byelorussians in Canada (1982).