February 21st, 2013

звычайная

Новая кніга: Лявон Юрэвіч "Жанры"

Юрэвіч, Лявон. Жанры. Мінск: Кнігазбор, 2013. — 528 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Кн. 21)
Трэці дзясятак выданьняў сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” пачала новая кніга беларускага архівіста ў Нью-Ёрку Лявона Юрэвіча “Жанры”. Тут сабраныя тэксты, як друкаваныя раней у розных пэрыёдыках, гэтак і цалкам новыя, прысьвечаныя такім жанрам эміграцыйнай літаратуры як травэлёг, пераклад, біяграфія, фэльетон ды літаратурная крытыка.

Раздзел “Травэлёг” пачынаецца аглядна-аналітычным тэкстам, дзе аўтар спрабуе разабрацца ў адметнасьці беларускіх эміграцыйных апісаньняў падарожжаў. Зьвяртаецца ўвага не толькі на геаграфію вандровак (суайчыньнікі на Захадзе былі мала абмежаваныя ў магчымасьцях наведваць іншыя краіны), колькі на тое, як пра іх распавядалася, на што найперш зважалася. У тэксьце, сярод іншага, ёсьць цікавыя нататкі з такіх экзатычных краінаў як Новая Зэляндыя ці Марока, аповеды пра беларускія асяродкі ў Эўропе ды Амэрыцы, а таксама шырока цытаваныя ўражаньні з адведваньня савецкай Беларусі. Апошнія дапаўняюцца і асобным тэкстам, прысьвечаным беларускаму навукоўцу Аўгену Вярбіцкаму “чалавеку, які трымаў у руках Месяц”, што таксама адведваў СССР у 1960 г. і пакінуў свае нататкі. У раздзеле “Травэлёгі” ёсьць таксама артыкул, заснаваны на публікацыі амэрыканскага дасьледніка Стамфарда Нэйла Гербэра “Russkoya Celo. The Ethnography of Russian-American Community”, дзе распавядаецца пра створанае ў міжваенны час у ЗША беларускае пасяленьне.
Collapse )