October 4th, 2013

звычайная

Архіўныя чытанні БДАМЛіМ, прысвечаныя Масею Сяднёву

Сёння ўдзельнічала ў чарговых архіўных чытаннях у БДАМЛіМе. Хоць яны па ліку ўжо адзінаццатыя, для мяне яны толькі другія. Упершыню удзельнічала ў мінулым годзе і таму магчымасці для параўнання маю невялікія. Тым не менш, сёлетнія мне спадабаліся болей. Магчыма таму, што прысвечаныя яны былі творчай спадчыне пісьменнікаў беларускай эміграцыі і 100-годдзю Масея Сяднёва. То бок тэма мне асабліва блізкая.

Прадстаўніца Дэпартаменту ва ўсіх сэнсах пацвердзіла, як мала чыноўнікі ведаюць пра эміграцыю. Але ўжо тое, што пра яе гавораць - паказальна.

Размаўлялі пра зборы замежнай беларусікі, пра тое, як мала ў нас зроблена ў галіне іх апісання і даследавання. Выступалі людзі, што асабіста ведалі Сяднёва, распавядалі пра яго як чалавека (даволі складанага). Настойліва гучала тэма БІНіМу, і як найбольшага збору беларусікі, і таму, што дзякуючы яму папаўняецца і калекцыя БДАМЛіМ. Я перадала спадарыні Ганне з БІНІМаўскіх збораў анкету Сяднёва ды рукапіс "Запісак эмігранта" Лявона Савёнка. Ціхан Чарнякевіч з тых жа збораў перадаў выпіскі з беларускай літаратуры Юркі Віцьбіча, з аўтографамі таго ж Сяднёва. Цікава слухаліся і даклады неэміграцыйныя: Анатоля Сідарэвіча, Аляксандра Фядуты.

Між іншага, высветліла для сябе пытанне году нараджэння Сяднёва. Справа ў тым, што ў ягоных паперах, у тым ліку ў запоўненай ім самім БІНіМаўскай анкеце быў пазначаны 1915 г. Але Ганна Запартыка расказала, што некалі паспрабавала павіншаваць Сяднёва ў адпаведную дату, і ён заўважыў, што памаладзілі яго на два гады. Насамрэч нарадзіўся ў 1913-м. Верагодна, у нейкі момант было выгадна запісацца маладзейшым, адсюль і пайшло. У тым ліку і памылка ў складаных мною біяграфічных даведніках, дзе я карысталася той самай анкетаю.

На жаль, не мела магчымасці застацца на чытаннях да канца, трэба было бегчы на працу. Таму не змагла пабыць і на прэзентацыі зборніка памяці Віталя Скалабана, якая была заключным акордам чытанняў. Пра гэта вельмі шкадую.

Для цікаўных выкладаю тут праграмку гэтых чытанняў. Даклады абяцаюць апублікаваць у выглядзе электроннага выдання, наколькі зразумела.


Collapse )
Карыстаючыся нагодаю віншую ўсіх, каго гэта датычыць, з надыходзячым днём архівіста!