April 25th, 2015

звычайная

"З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў" Святаслава Шабовіча

Пабачыла свет новая кніга. Дзякуй vidymus, без якога яе б ніколі не было.


Кніга С. Шабовіча “Ад фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў: Гісторыя аднаго падарожжа” (24-я ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”) уяўляе сабой успаміны беларускага эмігранта, што у часе Другой сусветнай вайны страціў бацькоў і ў 12-гадовым узросце пакінуў Беларусь. Аўтар распавядае пра беларускае дзяцінства, тулянні па паваеннай Нямеччыне, выезд у ЗША і ўладкаванне ў новай краіне. Успаміны адлюстроўваюць погляд на падзеі беларускай гісторыі і эміграцыі прадстаўніка пакалення Ды-Пі, на станаўленне светапогляду якога значны ўплыў зрабіла жыццё ў лагерах для перамешчаных асобаў і ЗША.

Каб патлумачыць адметнасць кнігі - крыху з маёй прадмовы да яе:

"... Выразнай адметнасцю ўспамінаў Святаслава Шабовіча ёсць гранічная аўтарская шчырасць і непасрэднасць, на мяжы з аголенасцю, што пераводзіць мемуары ў іншы жанр — споведзь і прымушае згадаць аднайменны твор Жан-Жака Русо. Гэты тэкст, бадай першы ў эміграцыйнай (а мо не толькі эміграцыйнай) мемуарыстыцы, дзе аўтар расказвае пра ўласнае дзіцячае сутыкненне з гвалтам у сям’і, з алкаголем, пра сексуальныя назіранні і перажыванні. Ва ўспамінах Святаслава Шабовіча можна знайсці рэфлексіі пра тое, што разведзеная з бацькам маці мела натуральную патрэбу, каб побач быў мужчына. Падглядаючы за адным з тых мужчынаў, юнак даведаўся, што такое мастурбацыя. У мемуарах можна знайсці згадкі, як, жывучы ў лагеры Ды-Пі у Тырсгайме, архіепіскап БАПЦ Філафей па начах сустракаўся з жанчынай, і ў вачах падлетка гэта выглядала зусім зразумелым. Таксама Святаслаў Шабовіч піша, як нямецкія жанчыны ў паваенны час прадавалі сваё цела амерыканскім салдатам за цыгарэты, харчы ці рэчы з вайсковых пасылак. І аўтар прапануе ўраду ЗША падзякаваць тым жанчынам, бо яны забяспечвалі жаўнераў у іх натуральных патрэбах. Усе згаданыя, як і іншыя падобныя, моманты ў тэксце, выглядаюць арганічна і суправаджаюцца шчырымі развагамі і назіраннямі за чалавечай прыродай і сутнасцю міжчалавечых дачыненняў.
Collapse )