Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 10 жніўня. Тыдзень студыяў БАКА "Рунь"

10 жніўня 1955 г. у Лондане пачаўся пяты Тыдзень студыяў БЕЛАРУСКАГА АКАДЭМІЧНАГА КАТАЛІЦКАГА АБ'ЯДНАННЯ "РУНЬ". На яго сабралася каля 20 сябраў “Руні” з шасці краінаў. А. Уладзімір Тарасевіч тры дні дзяліўся з прысутнымі сваімі ўражаннямі з падарожжа па Палестыне, Грэцыі, Егіпту і Турцыі, багата ілюстраванымі здымкамі. Адзін з вечароў быў прысвечаны беларускай літаратуры. Айцец Леў Гарошка распавёў пра ролю беларускай літаратуры ў адраджэнскім руху, а далей былі дэкламацыі, спевы і гульні. На вечары прысутнічалі госці з Нотынгему. Іншы вечар склалі адведзіны беларусаў украінцамі, што мелі кангрэс сваёй “Обновы” (святкавала 25-годдзе арганізацыі). Больш за 30 удзельнікаў таго святкавання разам з двума каталіцкімі ерархамі Я. Э. Іванам Бучкам і Я. Э. Максімам Германюком з Канады прыйшлі ў Марыян Хаўз. Тут былі наладжаныя па чарзе украінскія і беларускія прамовы, песні, дэкламацыі і прыняццё. У наступны вечар ужо беларусы былі гасцямі украінцаў, слухалі даклад пра раннехрысціянскае мастацтва, удзельнічалі ў прыняцці.
Традыцыйна, у часе Тыдня студыяў 15 жніўня 1955 г. адбыўся і чарговы Агульны з'езд БАКА “Рунь”. Старая управа была пераабрана на наступны тэрмін (старшыня Язэп Пазьняк, заступнік Віктар Сянкевіч, сакратар Тодар Мазура, скарбнік Францішак Бартуль)

Гэты тыдзень студыяў цікавы тым, што ён быў апошнім у Лондане і перадапошнім у гісторыі ўсёй арганізацыі.

TydzienRuni1955
Удзельнікі Пятага Тыдню студыяў БАКА “Рунь”. 1955 г. Сядзяць (зьлева направа): а. Францішак Чарняўскі, Вера Бартуль, біскуп Баляслаў Слосканс, а. Уладзіслаў Салавей.

Што з гэта за арганізацыя Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб'яднанне "Рунь"?

Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне “Рунь” (Byelorussian Catholic University Union “Ruń”) было заснавана на сходзе прадстаўнікоў беларускай каталіцкай інтэлігенцыі з Англіі, Бельгіі, Нямеччыны і Францыі, што адбыўся 21 кастрычніка 1949 г. у Лювэне (Бельгія). Усяго на сходзе прысутнічалі восем дэлегатаў (па два ад краіны), якія найперш вырашалі пытанне рэальнай патрэбы стварэння яшчэ адной беларускай інстытуцыі. Патрэба адмысловай арганізацыі беларускіх каталікоў з вышэйшай асветай вынікала зь некалькіх меркаванняў. Па-першае, з разумення значнай ролі хрысціянскай ідэалогіі наогул і каталіцкай царквы ў прыватнасці ў ідэалагічным супрацьстаянні з камуністычнай дактрынай у паваенным свеце. Другая падстава для стварэння арганізацыі была трапна ахарактарызаваная ў першым нумары яе інфармацыйнага бюлетэню: “Блізу ўся наша інтэлігенцыя выдзяляецца высокім ідэйным ўзроўнем, многія зь яе шмат пацярпелі за нацыянальную справу, але – няхай суродзічы даруюць нам шчырасьць – рэлігійна мы зусім не на належным ўзроўні: часта доктар мэдыцыны, адвакат ці інжынэр ня ведаюць элемэнтарных рэчаў з галіны філязофіі, этыкі ці з тэалёгіі. Няшмат давала аб ўсім гэтым гімназія, але і тое занясло жыцьцёвай сьнегавіцай і пад сьнегам яно астыўшы замерла. Беларуская інтэлігенцыя цэлы час занята змаганьнем за дзяржаўную незалежнасьць, ня мела спрыяльных умоваў заняцца паглыбленьнем у рэлігійныя праблемы” . Акрамя таго, стваральнікі арганізацыі абвясцілі пра “апалітычнасць” новай структуры, і ў Аб’яднанне мог прыйсці любы беларус-каталік, што меў вышэйшую асвету ці быў студэнтам без залежнасці ад таго, да якой палітычнай групоўкі ён належыць. Тым не менш у шэрагах новай арганізацыі аказаліся выключна прыхільнікі Рады БНР.
Створанае на згаданым сходзе Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне “Рунь”, паводле прынятага тады ж Статуту (патронам арганізацыі стаў Св. Аўгустын), мела на мэце: “згуртаваць беларускую каталіцкую моладзь і інтэлігенцыю зь сярэдняй і вышэйшай асьветай, паглыбіць рэлігійныя веды, любоў да Бога і Бацькаўшчыны і ажыцьцяўляць у штодзённым жыцьці прынцыпы хрысьціянскай навукі, дбаць пра маральную паставу і добрае імя беларуса на чужыне, дапамагаць моладзі ў здабываньні веды і вырабленьні характару, навязаць лучнасьць і супрацоўніцтва з падобнымі беларускімі і міжнароднымі арганізацыямі” . На з'езьдзе была абрана ўправа арганізацыі: Аляксандр Надсан – старшыня, Франціш Бартуль – сакратар, Янка Філістовіч – скарбнік, Вітаўт Рамук – заступнік старшыні на Бэльгію, Антон Бяленіс – заступнік старшыні на Нямеччыну. Абавязак духоўнага асістэнту ўзяў на сябе а. Часлаў Сіповіч.
Актыўную частку стваральнікаў “Руні” складалі беларусы з Вялікабрытаніі, а таму Марыян Хаўз стаў фактычнай сядзібай арганізацыі. Дзейнасць “Руні” і стала працягам працы БХАА “Жыццё” на больш шырокім міжнародным і больш дакладна акрэсленым каталіцкім грунце. Нават фармулёўкі мэтаў абедзвюх арганізацый у іх Статутах былі амаль тыя самыя. Розніца палягала толькі ў больш вузкіх магчымасцях сяброўства ў “Руні” – для беларусаў каталіцкага веравызнання. Такім чынам арганізацыя, фактычна, адасобіла сябе ад пераважнай большасці беларускай эміграцыі ў Брытаніі і Еўропе наогул, што на 70–80% была праваслаўная. Разам з тым, менавіта сярод беларусаў-каталікоў быў даволі вялікі адсотак асобаў з распачатай і скончанай вышэйшай адукацыяй і наогул пераважна тыя, што вучыліся ці скончылі ўніверсітэты да прыбыцця ў Брытанію, былі каталікі. Гэта тлумачалася тым, што праваслаўным у Заходняй Беларусі, адкуль прыехала большая частка беларускіх імігрантаў, было куды складаней атрымаць вышэйшую адукацыю. З распачатай ці скончанай універсітэцкай асветай з актыўных беларускіх дзеячаў праваслаўнага веравызнання ў Брытанію прыехалі толькі Аляксандр Крыт, Мікола Нікан, Мікола Буляк, Барыс Суравы, Кастусь Глінскі, Віктар Астроўскі. Каталікоў з падобным ўзроўнем адукацыі было больш. Такім чынам, стварэнне арганізацыі беларускіх інтэлектуалаў менавіта каталіцкага кірунку стала цалкам заканамернай з'явай, у прыватнасці для Вялікабрытаніі.
Адным з галоўных заданняў першага перыяду існавання “Руні” стала яе далучэнне да міжнароднага Руху каталіцкіх інтэлектуалаў Pax Romanа. Гэты рух у 1951 г. аб’ядноўваў 52 арганізацыі з 34 краін свету, у тым ліку Аўстраліі, ЗША, Канады, Бельгіі, Гішпаніі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, а таксама арганізацыі эмігрантаў-каталікоў (чэхаў, славакаў, літоўцаў, латышоў, палякаў, румынаў, славенцаў, украінцаў) . Ужо 17 ліпеня 1950 г. Вестмінстэрскае арцыбіскупства афіцыйна зацвердзіла Статут БАКА “Рунь”, што было перадапошнім крокам ў справе ўступлення яе у Pax Romanа . Фармальнае і ўрачыстае прыняцце арганізацыі беларускіх каталікоў-інтэлектуалаў у Рух адбылося праз год у Рэймсе (Францыя), дзе 22–29 ліпеня 1951 г. прайшоў міжнародны з'езд Pax Romanа. Такім чынам, “Рунь” стала ПЕРШАЙ беларускай арганізацыяй, прадстаўленым у гэтым вядомым міжнародным руху . Вынікам далучэння да яго стала магчымасць удзелу ў рэгулярных кангрэсах арганізацыі, што адбываліся ў розных краінах: 1952 г. – у Канадзе (беларусаў прадстаўляў Вінцэнт Жук-Грышкевіч), 1954 г. – у Лісабоне і Фаціме, 1955 г. – у Нотынгеме. Таксама беларусы маглі ўваходзіць у розныя структуры, што ствараліся ў межах Pax Romanа. Так, ад 1952 г. беларускі прадстаўнік быў сябрам Камісіі ў справах каталіцкіх універсітэцкіх арганізацый на выгнанні (спачатку ім быў а. Часлаў Сіповіч, потым В. Жук-Грышкевіч).
“Рунь” аб’ядноўвала беларускіх каталікоў з вышэйшай асветай (ці тых, хто распачаў навучанне) у розных еўрапейскіх краінах. Аднак найбольш актыўным стаў менавіта лонданскі аддзел арганізацыі, адкуль і сыходзіла ініцыятыва яе стварэння. У 1952 г. у бюлетэні “Руні” праца гэтай суполкі падавалася як найбольш плённая: “аддзел у Лёндане разьвіваецца вельмі памысна і ўжо ад даўжэйшага часу вядзе сыстэматычную дзейнасьць” . Мясцовыя беларусы збіраліся кожную першую нядзелю месяца ў Марыян Хаўз, дзе адбывалася багаслужба з беларускім казаннем, супольнае сняданне і абед, а таксама чытаўся даклад, потым пачыналася дыскусія. Зборкі “Руні” ў Лондане, як і раней сходы БХАА”Жыццё” карысталіся папулярнасцю не толькі сярод сябраў арганізацыі, але і сярод іншых беларусаў . Часам для чытання дакладаў запрашалі лектараў небеларусаў. Адным з такіх гасцей быў а. Юры Бранчанінаў, рускі каталіцкі святар-марыянін, які 7 снежня 1952 г. прачытаў для сябраў арганізацыі даклад пра Св. Аўгустына, патрона “Руні” .
Прадстаўнікоў беларускіх каталіцкіх інтэлектуалаў таксама запрашалі для чытання дакладаў ці проста як гасцей розныя арганізацыі. 6–7 сакавіка 1954 г. на ладжанай Таварыствам Ньюмана міжнароднай канфэрэнцыі, даклад “Беларусы ў Вялікабрытані” прачытаў а. Часлаў Сіповіч. 12 красавіка 1954 г. ён зрабіў даклад аб музыцы і спевах ва ўсходнеславянскай літургіі . 27 верасня 1955 г. у Вестмінстэрскай катэдральнай залі Часлаў Сіповіч прачытаў даклад на тэму “Рэлігія за жалезнай заслонай” .
Запрашалі сябраў “Руні” на свае мерапрыемствы украінскія і польскія каталіцкія арганізацыі – сябры па Pax Romanа. Так 22–23 лістапада 1952 г. польская суполка “Верытас” ладзіла ў Лондане дыскусійны уік-энд на тэму “Федэралізм як праява каталіцкага універсалізму”. З дакладам на тэму “На шляху да новых развязанняў (становішча Каталіцкай царквы ў дачыненні да федэралізму)” выступаў а. Часлаў Сіповіч, а іншыя лонданскія сябры “Руні” ўдзельнічалі ў дыскусіях . Сяброўскія дачыненні складваліся і з украінскай арганізацыяй інтэлектуалаў “Обнова” .
У сваю чаргу сябры лонданскай “Руні” запрашалі да сябе прадстаўнікоў іншых інтэлектуальных асяродкаў. 20 траўня 1954 г. беларускія каталікі запрасілі ў Марыян Хаўз вялікую колькасьць сябраў розных акадэмічных суполак. Айцец Часлаў Сіповіч адслужыў літургію і прамовіў казанне аб хрысціянскім разуменні міру. Потым у садзе Марыян Хаўз адбылася зборка з двума дакладамі: старшыні БАКА “Рунь” Вітаўта Рамука “Паўстанне і дзейнасць БАКА “Рунь” і Язэпа Пазьняка (Вайніловіча) “Школьная сістэма ў савецкай Беларусі”. Апошні выклікаў ажыўленую дыскусію . На мерапрыемствы, ладжаныя беларускімі каталіцкімі інтэлектуаламі прыходзілі людзі розных веравызнанняў. 25 студзеня 1953 г. на багаслужбе ў Марыян Хаўз казанне прамовіў святар-англічанін. У капліцы сабралася шмат вернікаў, у тым ліку пратэстантаў і праваслаўных. Пасля багаслужбы сябры “Руні” праслухалі даклад а. Часлава Сіповіча пра апошнія падзеі ў каталіцкай царкве . Дзякуючы такой практыцы чытання дакладаў для сябраў арганізацыі і для гасцей беларускія інтэлектуалы прыходзілі да ўсведамлення неабходнасці пастаяннай самаадукацыі. Паводле задумы заснавальнікаў “Руні”, ствараліся ўмовы, каб “сыстэматычная культывацыя розуму, цяглае здабываньне і паглыбленьне ведаў як ў сьцісла прафэсіянальным так і шырэйшым значэньні і імкненьне да пазнаньня паўнаты праўды” сапраўды станавілася неад’емнай рысай беларуса з вышэйшай асветай.
Такім чынам, асноўная дзейнасць лонданскага аддзелу БАКА “Рунь” уяўляла сабою наладжванне супольных малітваў, дыскусійных вечароў, а таксама удзел у аналагічных мерапрыемствах падобных арганізацый іншых нацыяў. У крыху меншай ступені гэтым займаліся і сябры іншых аддзелаў “Руні”: у Францыі, Гішпаніі, Нямеччыне, Бельгіі.
Менавіта лонданская суполка заснавала інфармацыйны Бюлетэнь арганізацыі, першы нумар якога выйшаў 30 чэрвеня 1950 г. Усяго ў 1950–1953 гг. выйшлі пяць нумароў. Гэта было выданне на 4–8 старонак, друкаванае лацінкай, што ўтрымлівала інфармацыю пра падзеі ў арганізацыі, анонсы, а таксама публікавалі некаторыя невялікія тэксты асветнага ці палемічнага характару, пераважна раней чытаныя сябрам “Руні” у якасці дакладаў. Фінансавыя цяжкасці, а таксама эміграцыя ўдзельнікаў арганізацыі не дазволілі Бюлетэню праіснаваць больш працяглы час. БАКА “Рунь” ад самага пачатку была колькасна невялікай. Лік аб’яднаных тут каталікоў не перавышаў двух дзесяткаў ва ўсёй Еўропе. Праўда, на мерапрыемствы арганізацыі прыходзілі і праваслаўныя. Асабліва гэта датычыць Тыдняў студыяў.
Першы такі Тыдзень студыяў беларускіх каталіцкіх інтэлектуалаў адбыўся 15–22 ліпеня 1951 г. у Бельгіі, у манастыры бенедыктынцаў у Шэветоне. У мерапрыемстве бралі ўдзел сябры “Руні” з Англіі (2 чалавекі), Францыі (2), Бельгіі (4) і Нямеччыны (1). Кожны дзень распачынаўся супольнай малітвай і багаслужбай, потым адбываліся даклады, дыскусіі і ў вольным часе прагулкі. Былі прачытаныя даклады: біскупа Баляслава Слосканса “Бог – любоў”, Робэрта ван Кавэлярта “Закон сьвятога Бэнэдыкта і ўклад яго ў жыцьцё Царквы”, а. Льва Гарошкі “Перасьледы рэлігіі калісь і цяпер”, “Хрысьціянства на Беларусі”, “Што дала Беларусі Каталіцкая царква”, “Грэх, пакута, сакрамант споведзі”, а. Міхася Маскаліка “Аб імкненьні да дасканаласьці жывучы ў сьвеце”, а. Часлава Сіповіча “Sentire cum Christo at Eclesia” (“Чуць і думаць з Хрыстом і Царквой”), “Рэлігія”, “Сутнасьць каталіцкай царквы”, “Праца над самім сабой”, Аляксандра Надсана “Сьв. Тамаш Мор, муж стану і мучанік за рэлігійныя перакананьні”, Міхася Наўмовіча “Выяўленьне духовага жыцьця праз мастацтва”, Вітаўта Рамука “Каталік ў выкананьні свайго прафэсійнага абавязку (доктар, сьвятар, палітык, работнік)”, Тодара Мазуры “Дзе праўда” . Некаторыя даклады былі пазней апублікаваныя на старонках інфармацыйнага Бюлетэню “Рунь”.
Правядзенне такіх Тыдняў студыяў стала галоўнай штогадовай справай БАКА “Рунь”. Наступныя два тыдні адбыліся ў Лондане: з аднаго боку Марыян Хаўз з'яўляўся бясплатным месцам правядзення супольных малітваў і дыскусіяў, апроч таго, у Лондане знаходзілася ці не найбольшая колькасць сябраў “Руні”. У выніку Тыдні студыяў праводзіліся тут нават тры разы (у 1952, 1953 і 1955 гг.).
Апошні тыдзень студыяў адбываўся ў Кенігштайне (Нямеччына) у ліпені 1956 г. і быў прысвечаны праблемам маральнасці і этыкі ў жыцці чалавека .
З часам большасць актыўных сябраў “Руні” перабралася ў ЗША і Канаду, дзе расцярушанасць сябраў была значна большая. Надалей звестак пра “Рунь” трапляецца няшмат. У кастрычніку 1957 г. а. Часлаў Сіповіч выступаў ад імя Аб’яднання з лекцыямі для беларусаў Нью-Ёрку. Тады ж стала абмяркоўвацца ідэя заснавання ўласнага Беларускага каталіцкага аб’яднання “Рунь” у ЗША . Аднак гэта быў ужо іншы этап гісторыі арганізацыі.
Tags: каляндар, падзеі, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments