Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 22 жніўня. БХАА "Жыцьцё"

22 жніўня 1948 г. у Лондане адбыўся Першы з’езд Беларускага хрысціянскага акадэмічнага аб’яднання “Жыцьцё”.

ZhyxxioZjezd
З'езд БХАА "Жыцьцё". 1948 г.

Пра тое, што гэта была за арганізацыя, можна прачытаць ніжэй.

Беларускае хрысьціянскае акадэміцкае аб’еднаньне “Жыцьцё”
У шэрагах паваенных беларускіх імігрантаў была значная частка моладзі, што толькі атрымала сярэднюю асьвету і якую важна было стымуляваць для далейшага навучаньня. Была і невялікая колькасьць асобаў з вышэйшай адукацыяй, інтэлектуальны патэнцыял якіх таксама варта было аб’яднаць і выкарыстоўваць для беларускай справы. Пералічаныя абставіны нарадзілі ідэю стварэньня адмысловай арганізацыі беларускіх інтэлектуалаў, што займалася б асьветнай дзейнасьцю і трымала б адукаваных суайчыньнікаў разам “для карысьці ўсяго грамадзкага жыцьця на эміграцыі”. Гэтую задачу паспрабаваў вырашыць а. Часлаў Сіповіч, які добра разумеў небясьпеку расьцярушанасьці эмігрантаў і складанасьці іх штодзённага жыцьця. У сваім абгрунтаваньні неабходнасьці аб’яднаньня беларускіх інтэлектуальных сілаў ён сярод іншага заўважаў: “Часта такжа здараецца, што нават тыя людзі, якія мазольна здабывалі асьвету, закінуўшы пасьля працу над сабой, забыліся, загубілі і тое, што мелі перш. Хто мае скончаную сярэднюю асьвету, калі адвыкне ад сяброўства з кніжкай, хутка зыйдзе на ўзровень “вучонага”, што мае толькі пачатковую школу. Таксама тыя, якія скончылі унівэрсытэт, калі не працуюць над сабой далей, хутка апынаюцца на ўзроўні гімназіста. Апраўдваецца старадаўняя мудрасьць: хто ня ідзе ўпярод – вяртаецца. Вось жа каб утрымаць на ўзроўні здабытай веды, каб дапамагчы тым, каторыя яшчэ яе здабываюць, каб яе пашырыць і паглыбіць, у цяжкіх сёньняшніх абставінах патрэба падыйсьці да справы сьведама, зарганізавана” .
1 лістапада 1947 г. у Лёндане на сходзе ў Марыян Хаўз паўстала новая арганізацыя – Беларускае хрысьціянскае акадэміцкае аб’еднаньне “Жыцьцё” (БХАА “Жыццё”). Яно мела на мэце гуртаваньне беларускіх студэнтаў, кандыдатаў на студэнтаў і асобаў зь cярэдняй і вышэйшай асьветай . Грунтам для такога аб’яднаньня мелася стаць хрысьціянская ідэалёгія, якая, паводле уяўленьняў заснавальнікаў арганізацыі, эфэктыўна супрацьстаяла марксісцкай матэрыялістычнай дыялектыцы і давала трывалую духоўную і маральна-этычную аснову жыцьцю асобы, а таксама дазваляла “бараніць маральныя паставы і імя беларуса на чужыне” . Сама назва арганізацыі “Жыцьцё”, верагодна, пазычаная фраза з Эвангельля “Я ёсьць дарога і праўда і жыцьцё” (Ян. 14;6), што была ўзятыя ў якасьці своеасаблівага дэвізу Аб’яднаньня.
Ініцыятар і ідэйны натхняльнік стварэння БХАА “Жыцьцё” а. Часлаў Сіповіч быў абраны і на афіцыйнага кіраўніка арганізацыі – старшыню яе ўправы. Таксама ў склад кіраўніцтва ўвайшлі: сакратар Аляксандар Надсан і Францішак Бартуль. На першым арганізацыйным паседжаньні быў разгледжаны і зацьверджаны Статут Аб’еднаньня ды акрэсьленыя яго дачыненьні з адзінай на той час іншай арганізацыяй беларусаў у Вялікабрытаніі – ЗБВБ. Было пастаноўлена, што сяброўству ў новай арганізацыі не замінае ўдзел у Згуртаваньні і наадварот. Толькі што сябрам БХАА “Жыцьцё” мог быць не любы беларус, а толькі той, што мае як мінімум скончаную сярэднюю адукацыю (г. зв. “матуру”) .
Цягам першага году дзейнасьці ў склад БХАА “Жыцьцё” ўвайшлі 28 чалавек. Пры гэтым пяцёра зь іх пазначаліся як заснавальнікі (Вінцэнт Жук-Грышкевіч, а. Часлаў Сіповіч, Франціш Бартуль, Аляксандар Надсан, Часлаў Кукель). У склад Аб’еднаньня ўваходзіла значная частка “Дванаццаткі”. Варта таксама адзначыць, што з пункту гледжаньня веравызнаньня, сярод сябраў арганізацыі было больш праваслаўных (17 асобаў на 11 каталікоў) . Надалей колькасьць ўдзельнікаў значна не павялічвалася. Паводле згадак Вінцэнта Жук-Грышкевіча, у кастрычніку 1949 г. у складзе БХАА “Жыцьцё” было 30 сябраў .
У Статуце гаварылася, што адной з задачаў арганізацыі ёсьць выданьне часопісу, навукова-папулярныя і вузка-навуковыя дасьледаваньні для пашырэння ведаў яе сябраў . У якасьці першага кроку ў гэтым кірунку ўжо ў студзені 1948 г. убачыў сьвет своеасаблівы інфармацыйны бюлетэнь, дзе тлумачыліся патрэбы стварэньня Аб’еднаньня, зьмяшчаўся Статут, прыклады заявы на ўступленьне ў шэрагі. Праўда, на гэтым менавіта выдавецкая дзейнасьць БХАА “Жыцьцё”, амаль што скончылася. Толькі ў 1950 г. пабачыў сьвет двухстаронкавы Камунікат арганізацыі. Наладзіць выданьне яшчэ аднаго сталага пэрыёдыка побач з ўжо існуючымі на той час часопісамі ЗБВБ “На Шляху” і “Беларус на Чужыне”, зьмест якіх забясьпечвалі пераважна тыя ж асобы, што ўваходзілі ў БХАА “Жыцьцё”, было складана.
Цягам году цягнуўся арганізацыйны этап. Толькі ў жніўні 1948 г. у Марыян Хаўз адбыўся афіцыйны Першы агульны зьезд БХАА “Жыцьцё”. З прадстаўленай на ім справаздачы управы вынікала, што за кароткі час свайго існаваньня арганізацыя змагла аб’яднаць паважную частку беларускай інтэлігенцыі ў Вялікабрытаніі – як моладзі, так і старэйшага пакаленьня, навязала фармальную лучнасьць з Цэнтральлю беларускіх студэнцкіх арганізацый у Нямеччыне, кантакты з украінскай арганізацыяй CESUS. Акрамя таго быў зноў разгледжаны Статут БХАА “Жыцьцё”, дапоўнены і прыняты з дадаткам больш шырокага абсягу дзейнасьці і магчымасьцю прыняцьця сябраў з-за мяжы (першапачаткова плянавалася, што арганізацыя будзе працаваць толькі з брытанскімі беларусамі). Ва ўправу Аб’еднаньня былі абраныя: а. Часлаў Сіповіч (старшыня), Аляксандар Надсан (сакратар), Янка Пілецкі (скарбнік), Уладзімір Цьвірка (заступнік сябры управы). У Наглядную раду ўвайшлі Франціш Бартуль, Янка Запруднік, Павал Навара. Ганаровым сябрам БХАА “Жыцьцё” быў абраны прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык .

12–17 жніўня 1948 г. у St. Edmond College каля Лёндану прадстаўнікі БХАА “Жыцьцё” а. Часлаў Сіповіч і Аляксандар Надсан рэпрэзэнтавалі беларусаў на зьезьдзе Міжнароднага руху каталіцкіх інтэлектуалаў Pax Romanа , у якім бралі ўдзел каля 150 дэлегатаў з 24 краінаў. На форуме разглядаліся папраўкі прадстаўнікоў каталіцкага руху ў Дэклярацыю правоў чалавека, пытаньне дапамогі асобам з вышэйшай асьветай – ахвярам вайны, што засталіся бяз даху над галавой і сродкаў для існаваньня. Было прапанавана выкарыстаць плян Маршала для дапамогі інтэлектуалам на выгнаньні. Прадстаўнікі беларусаў былі добра сустрэтыя іншымі ўдзельнікамі форуму. Гішпанская дэлегацыя абяцала дапамагчы беларускім студэнтам у навучаньні . Супрацоўніцтва, а пазьней і ўваходжаньне ў склад Pax Romana стала надалей адным з галоўных памкненьняў заснавальнікаў БХАА “Жыцьцё”.
Прадстаўнікі “Жыцьця” ўдзельнічалі і ў іншых міжнародных студэнцкіх мерапрыемствах. 17 лістапада 1948 г. у Лёндане адбыўся вялікі мітынг “вольных студэнтаў паняволеных народаў”, ладжаны чэскай студэнцкай асацыяцыяй з нагоды гадавіны разгону ў 1939 г. гітлераўцамі студэнцкай антынямецкай дэманстрацыі ў Празе, падчас чаго загінулі некалькі студэнтаў. У мітынгу бралі ўдзел прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў: албанцы, беларусы, эстонцы, харваты, літоўцы, латышы, палякі, румыны, сэрбы, славакі, славенцы, украінцы, мадзяры. Беларускіх студэнтаў прадстаўляла на мітынгу група сябраў БХАА “Жыцьцё”. Адзін з іх Якуб Амор (Кастусь Кадушка) выступіў з прамовай, у якой распавёў пра змаганьне беларусаў за свабоду ды выказаў спачуваньні і падтрымку чэскм студэнтам. Пры канцы выступу беларус сьцьвердзіў: “Мы, рэпрэзэнтанты вольнага маладога беларускага пакаленьня, далей прадаўжаем сьвятую для нашага краю справу змаганьня за незалежнасьць, за якую гінулі тысячы нашых патрыётаў. Супольна з заходнімі дэмакратыямі і іншымі, паняволенымі чырвоным таталітарызмам народамі Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы мы, беларусы, высока нясём сьцяг змаганьня за вольнасьць і дэмакратыю” . Брытанская прэса шмат увагі надала мітынгу. Штогод 17 лістапада стала адзначацца як Міжнародны Дзень студэнта.
Безумоўна, супрацоўнічала БХАА”Жыцьцё” і зь беларускімі арганізацыямі. Так, Аб’еднаньне далучылася да ЗБВБ у справе набыцьця Беларускага Дому ў Лёндане, і стала адной з трох арганізацый (разам з ЗБВБ і ЗБК), што былі першапачатковымі ўласьнікамі будынку.
Цесны кантакт трымалі сябры Аб’еднаньня і з Цэнтраляй беларускіх студэнцкіх арганізацый, на зьезды якой на кантынэнт абавязкова адпраўляўся прадстаўнік БХАА “Жыцьцё”. Акрамя таго, кіраўніцтва арганізацыі намагалася заахвочваць сваіх сябраў да атрыманьня вышэйшай адукацыі ў Вялікабрытаніі ці за яе межамі. Яшчэ ў пачатку 1948 г. было абвешчана пра стварэньне Беларускага стыпэндыяльнага студэнцкага фонду пры БХАА “Жыцьцё”, для дапамогі будучым студэнтам ва ўладкаваньні на студыі. У абвестцы сьцьвярджалася пра наяўнасьць у Вялікабрытаніі каля 50 маладых беларусаў, што мелі жаданьне здабываць вышэйшую асьвету . Для дапамогі ім Аб’еднаньне мела намер выдаць адмысловы інфармацыйны бюлетэнь пра магчымасьці атрыманьня адукацыі ў Вялікабрытаніі . Разам з тым праз супрацоўніцтва з ЦБСА, сапраўды адшукваліся магчымасьці для паступленьня беларусаў ва ўнівэрсытэты Эўропы. Першымі такую магчымасьць, у 1950 г., атрымалі сябры “Дванаццаткі”, што ўваходзілі ў шэрагі БХАА “Жыцьцё”. У 1951 г. дзякуючы супрацоўніцтву абедзьвюх арганізацый, на навучаньне ў Бэльгію накіраваліся Язэп Пазьняк, Станіслаў Мак і Уладзімір Бутрымовіч .
БХАА “Жыцьцё” займалася і ўласнай асьветнай працай. У 1949 г. рэгулярна ладзіліся дыскусійныя вечары, на якіх абмяркоўваліся адмыслова падрыхтаваныя даклады. Першая сэрыя такіх дыспутаў была прысьвечаная хрысьціянскаму падыходу да сацыяльных праблемаў. Былі прачытаныя даклады: “Адзінка і грамадзтва” (Аляксандра Надсана), “Жыцьцё” (Часлава Кукеля), “Правы чалавека” (Аляксандра Надсана), “Асновы хрысьціянскай этыкі” (а. Часлава Сіповіча) , “Хрысьціянскі сьветапогляд і прыватная ўласнасьць” (Янкі Пілецкага) . У 1950 г. была наладжаная сэрыя лекцый “Галоўныя кірункі ў філязофіі”, дзе адбывалася сур’ёзнае абмеркаваньне сучасных філязофскіх канцэпцый, уключаючы і матэрыялістычную . Даклады і дыскусіі, ладжаныя БХАА “Жыцьцё” сталі даволі папулярнымі сярод лёнданскіх беларусаў, а управа Аб’еднаньня нават мела намер выдаць кожны даклад і распаўсюдзіць сярод усіх сябраў арганізацыі ды зацікаўленых асобаў . Але выдавецкія пляны не ажыцьцявіліся.
Нягледзячы на вялікія задачы, што мела перад сабою арганізацыя і пэўныя канкрэтныя крокі, што былі зробленыя на шляху іх рэалізацыі, дзейнасьць БХАА “Жыцьцё” была нядоўгай. Апошнія зьвесткі пра гэтую арганізацыю датуюцца 1951 г. , аднак рэальна яна перастала працаваць, верагодна, раней. З выездам “Дванаццаткі”, а таксама некаторых іншых сябраў, шэрагі Аб’еднаньня істотна парадзелі. Больш за тое, БХАА “Жыцьцё” ператварылася ў іншую арганізацыю. Кіраўніцтва Аб’яднаньня пастанавіла, каб яно стала сябрам міжнароднага Руху каталіцкіх інтэлектуалаў Pax Romana. Аднак для гэтага неабходна было, каб у самой назве арганізацыі прысутнічала вызначэньне “каталіцкая”. У выніку, у 1949 г. у Лювэне (Бэльгія) зьявілася Беларускае акадэміцкае каталіцкае аб’еднаньне “Рунь”. Актыўныя сябры былога БХАА “Жыцьцё” склалі брытанскую групу новай арганізацыі і неабходнасьць у захаваньні старой паступова зьнікла. Пры гэтым зьмена ў назьве больш шырокага вызначэньня арганізацыі як “хрысьціянскай” на больш вузкую “каталіцкую” скараціла склад яе ўдзельнікаў, бо праваслаўныя складалі пераважную частку сябраў БХАА “Жыцьцё”. Такім чынам, дзейнасьць першай арганізацыі беларускіх інтэлектуалаў у Вялікабрытаніі стала своеасаблівым пачатковым ці падрыхтоўчым этапам для дзейнасьці больш шырокай “Руні”, што аб’яднала адукаваных беларусаў-каталікоў Эўропы і Амэрыкі
Tags: арганізацыі, каляндар, падзеі, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments