Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 28 жніўня. Вострыкаў, Часлаў Найдзюк, Мядзейка, Розмысл

ЦІМОХ ВОСТРЫКАЎ, на эміграцыі Міхась (28.08.1922– 14.11.2007). Нарадзіўся ў в. Баршчоўка (сёньня Добрускі р-н Гомельскай вобл.) Вучыўся ў Гомельскім пэдвучылішчы, настаўнічаў. У часе Другой сусьветнай вайны быў мабілізаваны ў Савецкую армію. Трапіў у нямецкі палон і быў вывезены ў Нямеччыну, дзе працаваў на фабрыцы. Пасьля вайны скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы. У 1948 г. у шэрагах “Дванаццаткі” як DP прыехаў у Вялікабрытанію. Працаваў у вугальных капальнях. Ад 12.03.1948 быў сябрам ЗБВБ, а таксама сябрам ЗБК ад 1949 г. Аднак пры канцы 1949 г. выехаў разам зь сябрамі па “Дванаццатцы” на навучаньне ў Лювэн (Бэльгія). Праз паўтара гады навучаньня ў інстытуце фізычнай культуры выехаў у Нямеччыну для праходжаньня падрыхтоўкі для дывэрсійнай работы ў БССР. У верасьні 1952 г. быў закінуты ў складзе групы на беларускую тэрыторыю, дзе хутка арыштаваны. Больш за 20 гадоў адбываў зьняволеньне ў Дуброўлагу ў Мардовіі, пасьля 1975 г. вярнуўся ў Беларусь, жыў і памёр у Гомелі.

Vostrykau

Успаміны Вострыкава мы публікавалі ў Запісах БІНіМ. Гл. тут: http://kamunikat.org/usie_czasopisy.html?pubid=13632

ЧАСЛАЎ НАЙДЗЮК (28.08.1915, в. Бойдаты (сёння Ваўкавыскі р-н Гарадзенскай вобл.) — 28.03.1995, Пасадэн, Каліфорнія, ЗША), грамадскі дзеяч, брат Я. Найдзюка. Адвакат паводле адукацыі. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Вялейцы на пасадзе міравога суддзі, узначальваў акруговую ўправу БНС. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі ў Нямеччыне. У 1950 г. пераехаў у ЗША. Жыў у Лос-Анжэлесе, узначальваў мясцовы аддзел ЗБАДК, быў прадстаўніком БККА на штат Каліфорнія.

CzNajdziukiMerLA
На здымку Часлаў Найдзюк з мэрам Лас-Анжэлесу

НІКАНДР МЯДЗЕЙКА (28.08.1914, в. Панькі (сёння Іўеўскі р-н Гарадзенскай вобл.) — 06.12.1987, Нью-Джэрсі, ЗША), грамадскі дзеяч. Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Барунах да яе ліквідацыі ў 1932 г. Скончыў гімназію ў Вільні. У 1936—1939 гг. служыў у польскім войску. У 1939—1941 гг. працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Маладзечне. Падчас нямецкай акупацыі працаваў школьным інспектарам у Маладзечанскім павеце, затым — у Лідскай акрузе. Ад лістапада 1942 г. да верасня 1943 г. кіраваў акруговай управай БНС у Глыбокім. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. У паваеннай Нямеччыне (французская зона акупацыі) скончыў універсітэт UNRRA з дыпломам інжынера меліярацыі. У лютым 1948 г. пераехаў у Францыю, дзе быў кіраўніком дэлегатуры БЦР у Францыі. У красавіку 1954 г. разам з сям’ёй выехаў у ЗША. Жыў у Нью-Брансвіку (Нью-Джэрсі). 4 верасня 1954 г. прызначаны першым віцэ-прэзідэнтам БЦР. Быў скарбнікам БККА. У 1977—1987 гг. быў прэзідэнтам БЦР.

СЯРГЕЙ РОЗМЫСЛ (29.09.1905—28.08.1969), грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся ў Санкт-Пецярберзе ў сям’і паштальёна з Гарадзеншчыны, якая ў 1922 г. вярнулася ў Беларусь і асялілася ў Гудзінішках на Лідчыне. Удзельнік Беларускай Краёвай Абароны. Дэлегат на Другі Ўсебеларускі Кангрэс ад Лідскай акругі. У 1944 г. выехаў у Нямеччыну, адкуль у 1950 г. адзін без сям’і —у Аўстралію. Адзін са стваральнікаў аддзела БАА у Мэльбурне, у якім займаў розныя пасады, у тым ліку й старшыні(?). Удзельнік Беларускага школьнага камітэту ў Мэльбурне ў другой палове 50-х гадоў. Сябра царкоўнай рады парафіі Сьвятой Ефрасіньні Полацкай (БПЦ) у Мэльбурне. Удзельнік Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі. Сябра Дэлегатуры БЦР у Аўстраліі. Трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Пахаваны на могілках Спрынгвэйл у Мэльбурне.

Вялікае ліставанне Розмысла захавалася ў архіве Дзмітрыя Касмовіча
Tags: асобы, каляндар, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments