Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 2 верасня. Пётра Татарыновіч

ПЁТРА ТАТАРЫНОВІЧ(02.06.1896, в. Гайнін Слуцкага пав. Менскай губ. (сёння Ляхавіцкі р-н Берасцейскай вобл.) — 03.09.1978, Рым, Італія), рэлігійны дзеяч, каталіцкі святар, педагог, перакладчык, публіцыст. Высвечаны на святара ў 1921 г. Працаваў у парафіях Заходняй Беларусі. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. У 1945—1949 г. вучыўся ў Рыме, абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную Кірылу Тураўскаму. У 1950 г. заснаваў беларускі каталіцкі часопіс “Źnič”, які і рэдагаваў цягам 1950—1975 гг. Заснаваў беларускую рэдакцыю радыё Ватыкана і быў галоўным яе супрацоўнікам.


Пётра Татарыновіч


Пётра Татарыновіч за сваім пісьмовым сталом у Рыме, 1950-я гады

Невялікі фотаальбом далей


часапіс "Зьніч"








Пасведчанне Татарыновіча


Пётра Татарыновіч з сястрой Міхалінай у Рыме




а. Пётра Татарыновіч і біскуп Часлаў Сіповіч


Пра айца Пётру Татарыновіча хадзілі байкі ў звязку з ягоным стылем кіравання аўтам. Шмат пра гэта чытала ды чула ад розных асобаў. Вось прыклад з успамінаў аднаго з беларускіх дзеячаў - Гіпаліта Паланевіча - пра спатканне ў Рыме.


“Гатэльныя клопаты ў нас адпалі. Паважаны а. Пётра Татарыновіч замовіў для нас месца на найвышэйшым ізь сямі ўзгоркаў Рыму, на Монтэ Марыо. Трэба паведаміць яго, што мы тут. На тэлефон патрэбны спэцыяльныя жэтоны, што прадаюцца ў газэтным кіёску. А як запытаць? Хіба ж не па-беларуску. Выйшла вельмі проста: “жэтонэ тэлефоно” — мілагучна й вельмі ж ужо блізкагучна. Вынік — спалучэньне, на дзіва, мамэнтальнае:
— Монсыньёр Татарыновіч?
— Сі, сі…
— Кіньце сісікаць, ойча, гэта ж мы.
— А мае ж вы даражэнькія, вы ж меліся заўтра…
Бедны айцец мусіў бегчы правяраць, ці ўсё падрыхтавана да прыняцьця турыстых. […]
Назаўтрае, пасьля сьнеданьня, аглядаем уладаньні сёстраў місіянэрак Del S. Cuore DiGesu, што месьцяцца высока над вуліцай у невялікім парку, пасярод якога ўзвышаецца галоўны беленькі будынак з крыжам над аркай галоўнага ўваходу. Навокал стралістыя таполі, пальмы, кактусы, клюмбы рознакаляровых красак, а ў суседняй сядзібе, гэтак, як калісь у нас на бацькаўшчыне, кукурыкае певень! Мільённы горад і... правінцыя” .
“Ваколіцы Рыму, што маюць таксама шмат цікавага й годнага ўвагі, узяўся паказаць нам наш Рымскі апякун а. Пётра на сваім “фіяце”. Выехалі рана, па дарозе заскочылі яшчэ па а. Канстантына Маскаліка, якому наш павадыр ня даў і пасьнедаць. Бедны а. Канстантын мусіў дагрызаць булку ўжо ў самаходзе. Імчым па Appia Nuova ў кірунку Альбано. Раптам… бзык, чорны жарэбчык а. Пётры трошкі падскочыў і ані руш далей...
— А мае ж вы міленькія, што ж рабіць? Выскачы, а. Канстантын, ды падапхні ад заду... — устрывожыўся а. Пётра.
Мы ў страху, як завязьнем на гэтай рухлівай дарозе, то бывай здарова нядзелька!
А. Канстантын спакойна высядае й толькі пасьпеў дакрануцца пальчыкам да “хваста” нашага “коніка”, як той нечакана рвануў уперад, а за ім у падскоках а. Канстантын.
Далей усё ішло па-італьянску. А. Пётра, не зважаючы на ніякія дарожныя знакі (гэтак езьдзяць тут і патомкі Рымлянаў), усё гнаў аванты (уперад). Дзякуй Богу, прыбылі цэлымі ў васяродак місіянэрак “Найсьвяцейшага Сэрца Езуса” ў Арыччыа. […]
Налюбаваўшыся прыгожым відам возера й навакольля, яшчэ раз заехалі ў місію. Там а 5-й вечара пачалася ў парку маляўнічая працэсія ў чэсьць сьвята “Божага цела” (наш Дзявятнік). Прыгадаліся калішнія нашыя вялікія працэсіі ад Катэдры аж да Залатой Горкі на вуліцах Менску. Цяпер ніхто там і марыць пра гэта ня можа. Няма больш ні Катэдры, ні Залатагорскага касьцёлу.
Варочаліся ў Рым маланкава. А. Пётра сьпяшыў, каб ня трапіць у дарожны затор, і рабіў сваё аванты, як віхор. Усе прыціхлі, нават мая спадарожніца адлажыла свае спасьцярогі на пасьля ды моўчкі аберуч трымалася за бочную пяцельку ў самаходзе. Ачунялі ўсе ў рэстаране “Scoglio di Frisio”, дзе нам падалі іхны адмысловы смакалык дня — “Каммэлёні а ля Фрызіо”, Бог ведае, з чаго зроблены, але смаку надзвычайнага” (цытата паводле: Юрэвіч, Л. Моваю травэлёгу // Запісы БІНіМ. №32. Нью-Ёрк-Менск, 2009 http://kamunikat.org/zapisy.html?pubid=13633 )
Tags: асобы, каляндар, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments