Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 3 верасня. Школа-інтэрнат імя Св. Кірылы Тураўскага ў Лондане

3 верасня 1961 г. адбылося высвячэнне і адкрыццё інтэрнату для хлапцоў Св. Кірылы Тураўскага ў Лондане - унікабльнай беларускай навучальнай установы на Захадзе.



Больш падрабязна пра школу-інтэрнат можна пачытаць ніжэй

Беларуская школа-інтэрнат для хлопцаў імя Сьв. Кірылы Тураўскага ў Лёндане

Арганізацыя інтэрнату
Праблема нацыянальнага выхаваньня народжанага на чужыне пакаленьня была актуальная для беларускай паваеннай эміграцыі ў розных краінах. Вырашаць яе спрабавалі з дапамогай суботніх (або нядзельных) школак, якія час ад часу ўзьнікалі ў тым ці іншым асяродку. Але пры адсутнасьці пастаяннага беларускамоўнага асяродзьдзя, высілкаў настаўнікаў было недастаткова, каб утрымаць маладых беларусаў у коле прыцягненьня нацыянальнай грамады.
Свой варыянт вырашэньня праблемы выхаваньня беларускай моладзі прапанавалі сьвятары Марыян-Хаўзу у 1960 г. У гэты час побач з будынкам Беларускай каталіцкай місіі быў выстаўлены на продаж прасторны двухпавярховы дом зь вялікім садам. Сьвятары вырашылі набыць будынак па Holden Road 41, каб у ім заснаваць беларускую школу-інтэрнат для хлапцоў . Праект школы быў падтрыманы Вэстмінстэрскай курыяй і Усходняй Кангрэгацыяй, якая дала на набыцьцё будынку 10 000 фунтаў . Ідэя была простая – стварыць для дзяцей ня толькі ўмовы для пасьпяховага атрыманьня асьветы, але і магчымасьці для выхаваньня ў нацыянальным духу.


Будынак школы-інтэрнату Сьв. Кірылы Тураўскага.

У абвестцы пра заснаваньне школы ў “Бацькаўшчыне” (№8, 1961) прыгожа маляваліся перспэктывы школы:
“Дом знаходзіцца ў вадным з найпрыгажэйшых жыльлёвых прадмесьцяў паўночнага Лёндану, насупраць Марыян Гаўз, дзе знаходзіцца Беларуская Каталіцкая Місія. Спакой, шмат зелені й сьвежага паветра ствараюць надзвычайна спрыяльныя ўмовы для здаровага разьвіцьця й навукі дзяцей. Пляц пры інтэрнаце, а таксама вялікі пляц і гарод пры Марыян Гаўз, зь якога дзеці будуць карыстаць, даюць вялікія магчымасьці для спорту й гульняў на сьвежым паветры.
Інтэрнат будзе пад кіраўніцтвам беларускіх каталіцкіх сьвятароў, якія будуць сачыць за навукаю хлапцоў, а таксама за іхным маральным і нацыянальным узгадаваньнем.
Дзеці будуць хадзіць у суседнюю прыватную ангельскую каталіцкую школу (5 мінут пехатою ад інтэрнату), дзе атрымаюць усю пачатковую й сярэднюю асьвету, уключна да ангельскай матуры (General Certificate of Education, Ordinary and Advanced Levels). У інтэрнаце яны будуць мець дапамогу спэцыялістых у усіх школьных прадметах. Апрача гэтага, яны будуць мець дадатковыя лекцыі зь беларусаведы і павінны будуць пры заканчэньні сваёй асьветы, на матуры, здаваць экзамен зь беларускай мовы на Лёнданскім унівэрсытэце.
Афіцыяльная мова ў інтэрнаце будзе беларуская і вучні павінны будуць паслугоўвацца ёю ў зносінах між сабою й із узгадавальнікамі…”

У школу меркавалася прымаць хлапцоў ад 8 да 12 гадоў і ўтрымліваць іх да 18 гадоў – заканчэньня сярэдняй асьветы. Першапачаткова плянавалася, што інтэрнат прызначаны для дзяцей беларускіх бацькоў зь Вялікабрытаніі, але меркавалася прымаць і вучняў з іншых краінаў.
Аплата за навуку і ўтрыманьне складала 40 фунтаў на квартал ці 120 фунтаў за школьны год, да таго ж бацькі павінны былі аплаціць праезд дзіцяці да інтэрнату, забясьпечыць яго адзеньнем і кішэннымі грашыма. У выключных выпадках адміністрацыя школы магла пайсьці насустрач маламаёмасным бацькам і прымаць некаторых дзяцей без аплаты за навучанне. Так, адмысловыя стыпэндыі на знаходжаньне ў інтэрнаце ад Вэстмінстэрскай дыяцэзіі мелі Міхась Гасьцееў з ЗША і Бронік Занковіч з Францыі. Акрамя таго, цалкам узялі на сябе сьвятары ўтрыманьне пасьля сьмерці бацькі малога Міколы Смаля, афіцыйным апекуном якога стаў а. Аляксандар Надсан.
Адмыслова заўважалася, што у інтэрнат будуць прымацца ня толькі каталікі, але і праваслаўныя. Заснавальнікі абяцалі: “Праваслаўныя хлапцы атрымаюць глыбокае хрысьціянскае ўзгадаваньне нараўні з каталіцкімі, але кіраўніцтва будзе шанаваць волю бацькоў што да рэлігіі іхных сыноў” .
Але ідэя стварэньня беларускай школы не адразу атрымала падтрымку беларускай грамады. Першы год у інтэрнаце жылі толькі чатыры вучні: два хлопцы Алесь Лошка і Фрыдгальм Сянкоўскі (сын вядомага эміграцыйнага дзеяча Юрыя Сянкоўскага) прыехалі зь Нямеччыны, і два хлопцы з Англіі: Юрка Хахолка – сын вядомага беларускага дзеяча зь Лідсу і Алесь Міхалюк, старэйшы сын Янкі і Алены Міхалюкоў з Брадфарду. Пры чым большасьць дзяцей ня ўмелі размаўляць па-беларуску, і карысталіся або нямецкай, або англійскай мовамі . Перад выхавацелямі стаяла цяжкая задача прывучэньня хлапцоў да стасункаў на беларускай мове. Гэта было складана, што нешматлікія беларускія навучальныя дапаможнікі, што меліся ў распараджэньні настаўнікаў, былі разлічаныя на тых, хто беларускую мову ведае.

Не адразу вырашылася справа і з кіраўніком школы. Першы, хто быў прызначаны на гэтую пасаду, сьвятар Янка Садоўскі празь некалькі месяцаў нечакана ня толькі адмовіўся працаваць, але наогул зрокся сьвятарства і зьехаў зь Вялікабрытаніі. У выніку з ЗША мусіў тэрмінова вяртацца а. Язэп Германовіч, каб пераняць кіраўніцтва школай. Аднак 70-гадоваму сьвятару было складана займацца справамі самастойна, і з Нотынгему ў Лёндан быў вернуты а. Аляксандар Надсан. Менавіта ён з часам стаў адміністратарам і ад 1966 г. афіцыйным кіраўніком школы ды заставаўся ім да заканчэньня яе працы ў сярэдзіне 1970-х гг. .


Вучні і настаўнікі школы Сьв. Кірылы Тураўскага. Настаўнікі сядзяць (зьлева направа): а. Фэлікс Журня, а. Язэп Германовіч, а. Аляксандар Надсан, а. Робэрт Тамушанскі, Лёля Міхалюк.

Паступова сфармаваўся і выкладчыцкі штат. Да першапачатковых настаўнікаў беларускай мовы, гісторыі і літаратуры аа. Язэпа Германовіча, Лява Гарошкі і Аляксандра Надсана (ён таксама вучыў матэматыцы) з часам дадаліся а. Фэлікс Журня, а. Робэрт Тамушанскі, а таксама Гай Пікарда, што заняўся музычным выхаваньнем вучняў. Галоўную апеку над інтэрнатам ажыцьцяўляў біскуп Часлаў Сіповіч .

Дзейнасьць школы
Нягледзячы на згаданыя цяжкасьці, першы год дзейнасьці школы імя сьв. Кірылы Тураўскага паказаў жыцьцяздольнасьць ідэі, і на наступны ў інтэрнаце жылі ўжо пяць хлопцаў, а яшчэ праз год – восем . У 1968 г. у школе знаходзіліся 16 хлопцаў, частка зь іх набліжаліся да выпуску. Шырокая была і геаграфія вучняў. У 1963 г. зьявіўся сын беларускага дзеяча з Кліўленду (ЗША) Юркі Гасьцеева Міхась, у 1964 г. прыехаў яшчэ адзін беларус зь Нямеччыны Сьцяпан Гох (хворы на эпілепсію сын беларускага дзеяча Сяргея Гоха), у 1965 г. – з Бэльгіі паступіў Марк Саўка-Міхальскі (сын Міхася Саўкі Міхальскага), у 1966 г. – з Францыі Бронік (Браніслаў) Занковіч. У 1970 г. у школу-інтэрнат, згодна з апошняй воляй бацькі, паступіў Альгерд Абрамчык. Аднак ён правучыўся толькі адзін год і маці вырашыла вярнуць яго ў Францыю. Побач зь беларусамі вучыліся і некалькі прадстаўнікоў іншых народаў. Першым зь іх у 1963 г. у інтэрнаце зьявіўся Эдвард Уолш, які паходзіў з шматдзетнай ірляндзкай сям’і (дзевяць дзяцей) з Манчэстэру. Ягоны бацька цікавіўся беларускім жыцьцём, а аддаючы сына ў інтэрнат меў надзею на атрыманьне ім добрай адукацыі і, магчыма, надалей сьвятарскай кар’еры. Другім прадстаўніком іншай нацыянальнасьці ў школе ў 1970 г. стаў хлопец з румынскай каралеўскай сям’і Аляксандар Гагенцолерн, але, у адрозьненьне ад Эдварда Ўолша, ён знаходзіўся ў інтэрнаце вельмі непрацяглы час.


Эдвард Ўолш (справа) і Юрка Хахолка (зьлева).

У 1965 г. школа займела ікону свайго нябеснага заступніка. 4 красавіка уладыка Часлаў Сіповіч у капліцы ў Марыян Хаўз пасьвяціў ікону сьв. Кірылы Тураўскага, напісаную бэнэдыктынкамі з кляштара Ле Като ў Францыі. Потым у акружэньні сьвятароў, настаўнікаў і вучняў уладыка ўрачыста прынёс ікону з царквы ў дом сьв. Кірылы, дзе яе павесілі пры ўваходзе, каб апекавацца і самім інтэрнатам і вучнямі .
Утрыманьне школы патрабавала значных грашовых выдаткаў. Так, у 1967 г. гадавыя выдаткі на яе складалі каля 4000 фунтаў. Крыху больш за траціну іх пакрывалі бацькі вучняў аплатай навучаньня, на астатняе ішлі сродкі, атрыманыя ў якасьці дапамогі ад прыватных асобаў і арганізацыяў . Трэба заўважыць, што з часам ідэя беларускай школы знайшла большую падтрымку ў беларускім грамадзтве на эміграцыі, і ня толькі маральную, але і матэрыяльную. Былі створаныя некалькі фондаў у розных краінах, куды беларусы маглі накіроўваць свае ахвяраваньні на ўтрыманьне і разьвіццё школы. У Вялікабрытаніі быў створаны адмысловы камітэт разбудовы школы Сьв. Кірылы, ганаровымі сябрамі якога былі кардынал Джон Кармэл Гінан, біскуп Нотынгему Эдвард Элліс , рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі а. Леў Гарошка і іншыя. Вэстмінстэрская курыя пагадзілася адчыніць асобны аддзел у сваім рахункаводстве The Byelorussian School Fund. У Чыкага (ЗША) быў арганізаваны Беларускі адукацыйны і дапамаговы фонд, у управу якога ўвайшлі уладыка Часлаў Сіповіч, а. Уладзімер Тарасевіч, Вера Рамук і Антон Бяленіс. Гэтая установа таксама мела на мэце зьбіраньне грошай на патрэбы школы ў Лёндане. Аналягічны фонд The Byelorussian Charity Fund быў створаны і ў Канадзе, дзе было адкрыты адмысловы рахунак у архідыяцэзіі ў Таронта. Кожны ахвярадаўца з ЗША ці Канады, што накіроўваў грашовую дапамогу праз адзначаныя фонды, пазбаўляўся ад сплаты дзяржаўнага падаходнага падатку зь пералічанай сумы, што рабіла такія ахвяраваньні больш прыцягальнымі. Беларусы з іншых краінаў маглі таксама дасылаць грошы праз адзначаныя фонды, або непасрэдна кіраўніцтву школы .
З часам інтэрнату стала бракаваць месца ў адным будынку. Спачатку ўзьнікла ідэя набыць пляц і пабудаваць адмысловае памяшканьне для школы. На гэтую справу патрэбна было 30 000 фунтаў, і ў 1965 г. зноў у друку зьявіўся зварот да беларускай грамадзкасьці з просьбай пра дапамогу ў набыцьці пляцу зямлі . Аднак хутка аказалася, што выстаўлены на продаж суседні з інтэрнатам дом і было прынятае рашэньне набыць для яго патрэбаў разбудовы школы. У Вэстмінстэрскай дыяцэзіі была ўзятая пазыка на 11 000 фунтаў, якую таксама меркавалася пакрыць з ахвяраваньняў . У выніку быў набыты новы будынак для школы, побач са старым, такі ж вялікі, з прасторнай заляй для імпрэзаў і таксама добрым садам. Ён быў асьвечаны ў гонар Сьв. Пятра і стаў часткай беларускай школы-інтэрнату.

Цяпер тут маглі адначасова навучацца каля 20 вучняў. Праўда, такая колькасць беларускіх дзяцей адначасова ў інтэрнаце ніколі не жыла (найбольшая колькасьць – 16 вучняў была ў 1968 г.). Разам за гісторыю сваёй дзейнасці ён прыняў 24 вучні: Альгерд Абрамчык (Парыж), Антон і Юры Хахолкі (Лідс), Міхась Цвірка (Мюнхен), Міхась Гасьцееў (Кліўлэнд, ЗША), Сьцяпан Гох фон Штакельберг (Нямеччына), Аляксандр Гагенцолерн (князь румынскі), Пітэр Калбаса (Брадфард), Алесь Калько (Брадфард), Алесь Лошка (Мюнхен), Алесь, Віктар і Эдвард Міхалюкі (Брадфард), Марцін і Ян Мазуры (Скантарп), Язэп і Мікола Мошчыкі (Нотынгам), Марк Саўка-Міхальскі (Бэльгія), Фрыдгальм Сянькоўскі (Мюнхэн), Мікола Смаль (Нотынгем), Віктар Тур (Лёндан), Эдвард Уолш (Манчэстэр), Браніслаў Занковіч (Францыя), Алесь Жданковіч (Лёндан) . Такім чынам найбольшая колькасць вучняў беларускай школы прыехала з беларускага асяродку ў Брадфардзе.
Першапачаткова, у інтэрнат запрашалі хлопцаў ад 8–12 гадоў, у выніку ў 1961 г. сюды сапраўды паступіў васьмігадовы Алесь Міхалюк, а ў 1962 г. – таксама васьмігадовы Віктар Тур. Пазьней падобны ўзрост мелі пры паступленьні ў школу яшчэ два браты Віктар і Эдвард Міхалюкі, аднак яны мелі тую перавагу, што іх маці працавала ў інтэрнаце. Верагодна, спраўляцца з занадта малымі вучнямі было даволі складана, таму з часам арганізатары школы сталі аддаваць перавагу 10–12-гадовым хлопцам, якія адразу паступалі ў гімназію, а не ў пачатковую школу. У выніку, некаторым бацькам нават адмаўлялі ў прыёме дзяцей. Так, напрыклад, у 1968 г. свайго сына ў інтэрнат хацеў выправіць беларускі дзеяч у Канадзе Антон Маркевіч, аднак кіраўніцтва школы палічылі, што для маленькага беларуса, якому не было 11 гадоў, гэта было занадта далёкае падарожжа. Да таго ж ён паводле веку таксама ня мог адразу пайсьці ў гімназію.
Удзень хлопцы з інтэрнату вучыліся ў бліжэйшых школах Finchley Catholic Grammar School і Challoner School. А ўвечары і ў выходныя мелі дадатковыя заняткі па розных дысцыплінах (музыка, матэматыка, француская мова і інш.), а таксама беларусаведныя лекцыі. Вучні маглі карыстацца сабранай у Марыян Хаўз бібліятэкай, а таксама наведваць лекцыі Англа-беларускага таварыства, што з часам сталі адбывацца ў вялікай залі ў доме Сьв. Пятра .


Вучні школы Сьв. Кірылы на занятках.

Інтэнсіўнае навучаньне прыносіла пэўныя вынікі. Некаторыя вучні сталі атрымоўваць узнагароды за пасьпяховае навучаньне ў англійскіх школах. Прыкладам, 24 лістапада 1966 г. у Challoner School, якую наведвала большасьць жыхароў інтэрнату Сьв. Кірыла, адбылося ўрачыстае адзначэньне найлепшых вучняў, і Марк Саўка-Міхальскі атрымаў першую ўзнагароду за выдатную навуку, а Фрыдгальм Сянкоўскі – узнагароду найлепшага спартоўцы . Падобныя ганараваньні з удзелам беларусаў адбываліся штогод. Свае ўласныя ўзнагароды прысуджалі вучням і кіраўнікі інтэрнату: за лепшую беларускую пісьмовую работу, за найлепшыя веды беларускай мовы і літаратуры, за агульныя посьпехі ў навуцы і паводзінах, за посьпехі ў музыцы . Усё гэта было дадатковым стымулам пасьпяховага навучаньня хлопцаў.
Безумоўна, ня ўсе мелі аднолькавыя здольнасьці і жаданьне вучыцца. Былі й такія, каму навука давалася слаба. Аднак самым галоўным вынікам стала фармаваньне ў вучняў нацыянальнай самасьвядомасьці. На заканчэньні чацьвертага году навучаньня кіраўнік інтэрнату а. Аляксандпр Надсан сьцьвярджаў: “Сёньня школа можа пахваліцца вучнямі, якія раней ня ведалі беларускай мовы, а цяпер ня толькі пачынаюць свабодна гаварыць па-беларуску, але і чуюцца беларусамі” . На гэта працавала ўся створаная ў школе атмасфэра.


Летнія забавы вучняў у садзе Марыян Хаўза.

Вольны час вучні школы Сьв. Кірылы Тураўскага выкарыстоўвалі па-рознаму, як звычайныя дзеці: гулялі ў валейбол, канструявалі радыёпрыёмнікі ці аглядалі старыя лёнданскія муры . Прыцягвалі маладых беларусаў і адмыслова створаныя гурткі: працавала драматычная майстэрня, утварыўся свой хор і аркестар. У выніку вялікае месца ў жыцьці вучняў стала займаць мастацкая самадзейнасьць. Яны рэгулярна ўласнымі сіламі арганізоўвалі імпрэзы з розных нагодаў, а таксама своеасаблівыя справаздачныя канцэрты пры канцы кожнага навучальнага году. Найбольш цікавай і чаканай, відаць, заўсёды была ладжаная ў школе калядная ялінка, куды запрашалі дзяцей іншых беларусаў, што не вучыліся ў інтэрнаце. У праграму такога мерапрыемства абавязкова ўваходзіла прынагодная батлеечная пастаноўка (штораз з усё больш складанымі дэкарацыямі), выступы аркестру і хору, дэклямацыі, а таксама традыцыйны Дзед Мароз, якога, часта гралі самі вучні. Безумоўна, і Дзед Мароз заўсёды быў беларусам, часам ён пытаў кожнае дзіця, ці ўмее размаўляць па-беларуску і калі ня ўмее, то да наступнага году патрабаваў, каб навучылася, інакш гразіўся больш не даваць падарункаў .


Хор школы Сьв. Кірылы і яго кіраўнік Гай Пікарда.

Традыцыйна сьвяткавалі вучні і Купальле, са смажанай на вогнішчы ежай, пошукамі папараць кветкі, сьпевамі, танцамі ды скокамі праз вогнішча . Сьвята было тым больш чаканым для вучняў, што адбывалася на заканчэньні навучальнага году.
Акрамя таго, маладыя артысты сталі пастаяннымі ўдзельнікамі “дарослых” нацыянальных імпрэзаў і рабілі значна больш разнастайнай мастацкую частку акадэміяў на 25 Сакавіка ці з нагоды Слуцкага паўстаньня.
Хутка, выступленьні вучняў школы выйшлі за межы выключна беларускіх мерапрыемстваў. 1 сакавіка 1964 г. на запрашэньне апостальскага Таварыства сьв. Яна Златавуснага кіраўнік школы а. Аляксандар Надсан чытаў даклад і служыў Сьв. літургію у манастыры Унебаўзяцця (Assumption Convent) у Лёндане. У часе набажэнства беларускія літургічныя напевы выконваў хор школы Сьв. Кірылы. Гэта быў першы выступ маладых беларусаў па-за межамі беларускай грамады .
З часам вучні сталі выяжджаць з выступамі у іншыя раёны Лёндану і за яго межы, выступалі ў Грынвічы (Greenwich), Хатфілдзе (Hatfield), Міл Хіле (Mill Hill) і іншых месцах. 1 лістапада 1968 г. на запрашэньне Міжнароднага клюбу ў Стывэнэдж вучні беларускай школы Сьв. Кірылы далі канцэрт беларускай песьні і музыкі. У выкананьні аркестра і акардыёну гучалі беларускія рэлігійныя і народныя песьні, дэклямаваліся беларускія вершы ў перакладах англійскіх паэтаў, а вядучы распавядаў пра гістарычнае разьвіцьцё беларускай культуры. Кожны з прысутных на канцэрце атрымаў друкаваныя праграмы зь перакладамі беларускіх песень, весткамі пра паэтаў і кароткай інфармацыяй пра Беларусь. Арганізоўваў канцэрт жыхар гораду Стывэнэдж беларус Янка Пякарскі. Ён жа наладзіў у той самы дзень выставу беларускіх тканінаў і вышыванак. Пра выступ беларускіх хлопцаў напісала мясцовая газэта .


Хор школы Сьв. Кірылы.

Пазьней, старэйшыя вучні, што ўжо сканчалі школу-інтэрнат, арганізавалі сваю музычную групу, якой далі назву “Сакавік”. Марк Саўка-Міхальскі і Віктар Тур (гітары) і Міхась Цьвірка (труба) некалькі гадоў (1971–1972) выступалі на міжнародных канцэртах у Лёндане з сучаснай аранжыроўкай беларускіх народных музычных твораў. У такіх канцэртах бралі ўдзел таксама чэхі, літоўцы, латышы, эстонцы, сэрбы, румыны, грузіны, армяне, вугорцы, палякі, альбанцы і баўгары .
Такім чынам, вучні школы-інтэрнату імя Сьв. Кірылы Тураўскага адыгралі і ўласную ролю ў рэпрэзэнтацыі беларусаў у брытанскім грамадзтве.

Экскурсіі і адпачынак
Адмысловым клопатам кіраўніцтва школы была арганізацыя адпачынку вучняў. На лета яны пераважна раз’яжджаліся да сваіх бацькоў, аднак часам здараліся нагоды для сумеснага баўленьня часу і на канікулах. Так, у ліпені 1964 г. вучні школы на два тыдні выехалі ў Нямеччыну, былі у Кёнігштайне. Іншым разам экскурсіі ладзіліся і падчас школьнага году. Прыкладам, 30 кастрычніка 1965 г. вучні школы Сьв. Кірылы прыбылі на канікулы ў Рым, дзе цягам тыдню мелі багатую праграму. Сярод іншага прысутнічалі на рукапалажэньні ў дыяканы Рабэрта Тамушанскага (31 кастрычніка), на аўдыенцыі ў сьв. Айца (3 лістапада) разам з уладыкам Чаславам Сіповічам (вучні былі ў нацыянальных кашулях) і атрымалі блаславеньне і памятны мэдаль-знак для школы . У траўні 1967 г. вучні школы некалькі дзён правялі ў экскурсіі па Бэльгіі, дзе наведалі Лювэн, Брусэль, Антвэрпэн, Бруге. Яшчэ ў Лювэне вучні прысутнічалі на сьвяточнай багаслужбе з нагоды 50-х угодкаў сьвятарства ўладыкі Баляслава Слосканса і выступалі на абедзе ладжаным ва ўнівэрсытэце ў гонар юбіляра .


Вучні школы Сьв. Кірылы ў часе вандроўкі ў Рым. 1965 г.

Акрамя замежных экскурсіяў, ладзіліся цікавыя вандроўкі і ў Брытаніі. Так, 25 лістапада 1967 г. школа Сьв. Кірылы наведала Брытанскі музэй, каб пабачыць арыгінальныя праскія і віленскія выданьні Францыска Скарыны, і іншыя беларускія старадрукі, выдадзеныя ў Вільні пры канцы XVI – пачатку XVII стст. Акрамя таго тут можна было ўбачыць першае выданьне “Гапона” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, “Нячысьціка” Аляксандра Рыпінскага, “Смыка Беларускага” Францішка Багушэвіча і інш. Усе гэтыя кнігі недаступныя для звычайных наведнікаў музэю, бо не выстаўленыя ў адкрытай экспазыцыі, і экскурсія сталася магчымая дзякуючы ветлівасьці кіраўніцтва ўстановы, асабліва супрацоўніка Славянскага аддзелу Т. МакКарці .
Іншай цікавай практыкай цягам некалькіх гадоў сталі жнівеньскія канікулы вучняў школы, што праходзілі ў Сомэрсэце (Заходняя Англія) у маёнтку старшыні Англа-беларускага таварыства арыстакрата Обэрана Гербэрта. Па тры тыдні хлопцы пад наглядам Алены Міхалюк купаліся, вудзілі рыбу, езьдзілі на мора і бралі ўдзел у паляваньні .


Вучні школы Сьв. Кірылы на вакацыях у маёнтку Обэрана Гербэрта.

Падобныя мерапрыемствы былі і ўзнагародай для вучняў і добрай нагодай даўжэй пабыць у беларускамоўным асяродзьдзі, а таксама атрымаць новыя ўражаньні, пашырыць свой кругагляд.
У той час, пакуль хлопцы выяжджалі на канікулы з інтэрнату, тут цягам некалькі гадоў запар ладзіліся “калёніі” (летнікі) для беларускіх дзяўчынак. Першы такі летнік адбыўся ў 1964 г. з ініцыятывы кіраўніка Беларускага юнацкага клюбу ў Брадфардзе Алеся Буты . Пазьней гэтая ініцыятыва рэалізоўвалася кіраўніцтвам школы Сьв. Кірылы яшчэ некалькі разоў. За той тыдзень, што дзяўчынкі праводзілі ў Лёндане, яны мелі экскурсіі “па беларускіх месцах”, гулялі ў валейбол, бадмінтон і кракет, ладзілі разьвітальнае вогнішча . Такім чынам, будынкі школы-інтэрнату выкарыстоўваліся ня толькі для нацыянальнага ўзгадаваньня хлопцаў, але часам, хоць і эпізадычна, таксама для беларускіх дзяўчынак.

Вынікі працы школы і лёсы вучняў
Школа Сьв. Кірылы Тураўскага дзейнічала да 1976 г. і спыніла існаваньне праз фінансавыя складанасьці, а таксама недахоп настаўнікаў (большасьць папярэдніх сталі занадта старыя). За 15 гадоў існавання каля дзясяці вучняў здалі матуральныя іспыты па беларускай мове: Алесь Лошка (1966), Фрыдгальм Сянкоўскі (1967), Юры Хахолка (1968), Эдвард Уолш (1968), Марк Саўка-Міхальскі (1969), Алесь Міхалюк (1969), Мікола Смаль (1970). Віктар Тур (1971), Альгерд Абрамчык (1971), Віктар Міхалюк (1971) і іншыя. Да 1970 г. іспыты здавалі ў Лёнданскім унівэрсытэце, а пасьля – у лёнданскім Інстытуце Лінгвістыкі. Усім, хто здаваў іспыты, давалі адмысловыя сэртыфікаты, копіі якіх захоўваліся ў школьным архіве як паказьнік посьпехаў вучняў. Ня ўсе жыхары інтэрнат даходзілі да здачы іспытаў. Частка вучняў не паказвала дастаткова здольнасьцяў у навуках, іншыя былі ў школы занадта малы час.


Фрыдгальм Сянкоўскі.

Разам з тым, некаторыя вучні школы Сьв. Кірылы працягвалі навучаньне ва ўнівэрсытэтах. Так, Фрыдгальм Сянкоўскі ў 1969 г. паступіў у Лёнданскі ўнівэрсытэт, каб вывучаць фізыку, матэматыку і статыстыку. Празь некалькі гадоў у Інстытут славістыкі таго ж унівэрсытэту паступіў Марк Саўка-Міхальскі. Аднак клопат пра студэнтаў ня быў ужо ў кампэтэнцыі інтэрнату.
Паступова ў школе Сьв. Кірылы заставалася ўсё менш вучняў, хоць і студэнты на некаторы час заставаліся жыць у інтэрнаце (праўда на іншых умовах) з мараю заснаваць тут беларускае студэнцкае таварыства. Апошнім вучнем беларускай школы стаў Эдвард Міхалюк, які пасьля сканчэньня школы паступіў ва ўнівэрсытэт і атрымаў дыплём геоляга.
Надалей лёсы вучняў складваліся па-рознаму. Некалькі зь іх у 1979 г. яшчэ паўдзельнічалі ў спробе стварэньня ў Лёндане суполкі “Беларуская Моладзь”. Сюды ўвайшлі Віктар Тур, Віктар Міхалюк, Надзея Шпігановіч, Марыя Дзейка, Марк Сянкевіч. Маладыя беларусы наладзілі у чэрвені 1979 г. адмысловае сьвяткаваньне Купальля. На жаль, суполка існавала вельмі коратка, праз жыцьцёвыя абставіны саміх яе ўдзельнікаў, якія, як і шмат хто з іншых вучняў школы-інтэрнату, раз’ехаліся далёка ад Лёндану.


Алесь Лошка

Прыкладам, самы першы матурыст Алесь Лошка адразу ж па сканчэньні школы быў прызваны на службу ў нямецкую армію. Айцец Аляксандар Надсан згадваў, як празь некалькі гадоў той прыяжджаў зноў у Лёндан са сваім нямецкім сябрам, і адмыслова каб паказаць сваю адметнасьць размаўляў са сваімі былымі настаўнікамі толькі па-беларуску.
Адзін з самых здольных вучняў школы сьв. Кірылы Марк Саўка-Міхальскі скончыў студыі ў Інстытуце славістыкі, атрымаў ступенЬ магістра і зьбіраўся сур’ёзна займацца навукай. Ён жыў у Лёндане, быў актыўным сябрам Лёнданскага аддзелу ЗБВБ, але жыцьцё яго трагічна абарвалася, у 1988 г. ён загінуў у аўтакатастрофе.


Марк Саўка-Міхальскі

Яшчэ адзін доўгачасовы жыхар інтэрнату і адзін з самых першых вучняў Фрыдгальм Сянкоўскі празь нейкі час па сканчэньні ўнівэрсытэту перабраўся ў ЗША, дзе пасяліўся ў Філядэльфіі і даволі добра ўладкаваўся ў жыцьці.
Добрай прыступкай для далейшага жыцьця стаў інтэрнат для Міколы Смаля. Хлопчык, што рана застаўся без бацькоў, некаторы час нават жыў у жаночым манастыры, меў бы даволі цьмяныя жыцьцёвыя пэрспэктывы. Дзякуючы ж інтэрнату і таму, што ён быў афіцыйна ўзяты пад апеку а. Аляксандрам Надсанам, Мікола Смаль змог скончыць гімназію, атрымаць добрае выхаваньне. Пасьля ён паехаў у Мюнхэн працаваць афіцыянтам і памочнікам у рэстаране, а празь некаторы час перабраўся ў Канаду, дзе адкрыў уласны рэстаран.


Мікола Смаль

Разьехаліся па розных кутках сьвету і браты Міхалюкі. Аляксандр хутка па сканчэньні школы уладкаваўся на працу ў прэстыжным банку ў Брытаніі, потым пераехаў па справах працы ў Паўднёвую Афрыку, дзе зрабіў кар’еру і жыве да сёньня ў Кейптаўне. Эдвард па атрыманьні дыплёма геоляга працаваў па спэцыяльнасьці ў Паўднёвай Афрыцы. Цяпер жыве і працуе ў Шатляндыі, зьяўляецца сябрам ЗБВБ. Толькі Віктар Міхалюк адразу застаўся ў Брытаніі. Першыя некалькі гадоў пасьля сканчэньня інтэрнату ён жыў з бацькамі ў Лёндане, потым разам з жонкай Надзеяй Шпігановіч перабраўся у Манчэстэр, дзе амаль адразу ж пераняў кіраўніцтва мясцовым аддзелам ЗБВБ і Беларускім домам. На жаль, ён стаўся фактычна адзіным маладым беларусам у гэтым асяродку і ня меў сілаў аднаасобна працягваць ягоную дзейнасьць. Тым ня менш, і ў пачатку ХХІ ст. ён і яго сям’я заставаліся пастаяннымі прыхаджанамі беларускай царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Манчэстэры, а разам з жонкай Віктар Міхалюк і сёньня зьяўляецца сябрам ЗБВБ.
Зь некаторымі вучнямі школы даволі хутка па разьвітаньні быў страчаны кантакт. Іншыя і да сёньня пішуць ці тэлефануюць свайму былому настаўніку і дырэктару школы а. Аляксандру Надсану. На жаль, вельмі мала выпускнікоў інтэрнату змаглі не згубіцца для беларускай справы. Некаторыя, як Алесь Міхалюк, Фрыдгальм Сянкоўскі або Мікола Смаль, проста апынуліся ў такіх месцах, дзе не было іншых беларусаў. Фактычна страчанымі для беларускасьці аказаліся сыны беларускага дзеяча Юрыя Хахолкі Юрка і Антон дый іншыя дзеці брытанскіх беларусаў, што вучыліся ў інтэрнаце. Праўда, у пачатку працы Камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, айцу Аляксандру шмат дапамаглі Эдвард Уолш, Эдвард Міхалюк, Язэп Мошчык. Па сутнасці ж, толькі два браты Міхалюкі ды яшчэ Віктар Тур, што зьехаў у ЗША і стаў актыўным дзеячам беларускага жыцьця ў гэтай краіне, надоўга засталіся ў коле прыцягненьня беларускай дыяспары.

Паказальна і тое, што ніводны з вучняў школы Сьв. Кірылы не абраў для сябе сьвятарскую кар’еру, на што, верагодна, таемна спадзяваліся стваральнікі інтэрнату. Тым ня менш, сама гэтая ўстанова, яе гісторыя і вынікі дзейнасьці маюць вялікае значэньне для гісторыі беларускай дыяспары ня толькі Брытаніі. Школа Сьв. Кірылы была ўнікальным праектам, які ня меў аналягаў у беларускіх асяродках іншых краінаў і таму справакаваў дадатковую цікавасьць да сябе. Верагодна, рэалізаваць яго сапраўды магчыма было толькі пры наяўнасьці добрай падтрымкі з па-за межаў дыяспары, у дадзеным выпадку сваю ролю адыграла дапамога структураў каталіцкай царквы. Для такой невялікай грамады ў замежжы, як беларуская, гэта быў адзіны шлях для стварэньня ўласнай адукацыйнай установы. І ўлічваючы значную расьцярушанасьць беларусаў па сьвеце, нават тое, што хоць невялікая частка вучняў, народжаных ўжо на эміграцыі, па сканчэньні школы размаўлялі па-беларуску і захавалі сувязь зь беларускімі асяродкамі, зьяўляецца пэўным станоўчым вынікам ўсяго гэтага праекту.

Тэкст з кнігі "Беларусы ў Вялікабрытаніі". Цалкам кнігу можна бычыць тут:http://kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=14870
Tags: каляндар, падзеі, школа, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments