Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Сямейная гісторыя. Мой прадзед Міхал

У мяне так заўсёды, калі шмат працы, чамусьці хочацца займацца зусім іншым. Вось я і дабралася зноў да сямейных архіваў і вырашыла нарэшце пачаць іх апрацоўваць патрошачку, памятаючы прыклад свайго дзеда, які праз ўсё жыццё збіраўся напісаць сямейную гісторыю, але так і не напісаў... То тут першая частка маіх сямейных гісторыяў.

Мой прадзед Міхал Фядосавіч Арлоў
Ён нарадзіўся ў 1890 (або 1891) г. у в. Ахімкавічы (сёння Круглянскі р-н Магілёўскай вобл.) у сялянскай сям’і. Вядома, што меў як мінімум аднаго брата Ягора, у якога было каля дзевяці дочак.
У часе Першай сусветнай вайны прадзед Міхал быў у царскім войску. Як раз з гэтага часу захаваліся ягоныя здымкі.


1. Арлоў Міхал Фядосавіч. Кастрычнік 1914 г.



2. Арлоў М.Ф. (трэці злева ў верхнім шэрагу) у царскім войску. 1914 г.


3. Арлоў М.Ф. (справа). 1914 г.


4. Арлоў М.Ф. (першы справа) у царскім войску. 1915 г.


5. Арлоў М.Ф. (ляжыць другі злева) у царскім войску ў часе першай сусветнай вайны.


6. Арлоў М.Ф. (сядзіць) перад адпраўкай у дзеючую армію 07.05.1917 г. Бабруйск.


Міхал быў жанаты з Настассяй Навумаўнай Тоўба (Товба). Жылі ў Ахімкавічах і мелі трох сыноў: Уладзіміра (каля 1920 г.н.), Віктара (1922 г.н. – пам. 4.10.2002) і Леаніда (1924 (па дак. 1927) г. н. – пам. 1.01.2003).

23.03.1933 калгаснік Міхал быў асуджаны паседжаннем тройкі пры ПП ОГПУ па БССР нібыта за антысавецкую агітацыю і удзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі па арт. 72—76 УК БССР (58-10 і 58-11 УК РСФСР) на 10 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў. Маёмасць была канфіскаваная на карысць калгаса.
Пасля гэтага пра яго нічога асабліва не ведалі, акрамя таго, што ён адбываў пакаранне недзе на Далёкім Усходзе.

Ужо ў 1990-х, калі мой дзед Віктар Міхайлавіч пачаў вышукваць звесткі пра бацьку, даведаліся, што ён быў рэабілітаваны яшчэ 27.02.1960 г. пастановай прэзідыюму Магілёўскага абласнога суду і справа супраць яго спыненая. Але сваякам пра гэта не паведамілі. Навошта ж…

Таксама ў 1990-х даведаліся, што прадзед Міхал памёр 12.02.1944 г. у Хабараўску. Афіцыйная прычына смерці: пелагра (дзіўнавата гучыць). Пахаваны на гарадскіх могілках у Хабараўску.
Такім чынам атрымалася, што ягоная жонка, што засталася адна з дзецьмі, памерла раней за яго (у 1943 г., здаецца, ад тыфусу).

У 1993 г. мой дзед Віктар Міхайлавіч дамогся ад уладаў пастановы пра кампенсацыю канфіскаванай у 1933 г. прадзедавай маёмасці. А паколькі дакладны памер канфіскаванага нідзе не быў зафіксаваны, дык дзед атрымаў кампенсацыю ў памеры 10 мінімальных заробкаў. Грошы былі няважныя, дзед проста пайшоў на прынцып.

Гіронія лёсу, у 1980-х мой бацька служыў на Далёкім Усходзе і неаднаразова быў у Хабараўску. Але тады ён не ведаў, што ягоны дзед пахаваны на тамтэйшых могілках. А пасля таго, як была атрыманая гэтая інфармацыя, у тыя краі са сваякоў ніхто ўжо не даехаў.

Маю надзею некалі ў будучыні з’ездзіць на Далёкі Ўсход на месцы майго дзяцінства. Спадзяюся завітаць і ў Хабараўск, каб пашукаць магілу прадзеда. А раптам адшукаю…
Tags: асабістае, сямейная гісторыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 3 comments