Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 6 жніўня. Петраш, Аляксандр Грыцук, Вера Калесніковіч, Гралеўскі

АЛЯКСАНДАР ПЕТРАШ (06.09.1926 – 1988). Нарадзіўся ў в. Кісялі Баранавіцкага павету. У часе нямецкай акупацыі служыў у паліцыі ў Баранавічах. Потым быў далучаны да 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, разам зь якой апынуўся ў Францыі і трапіў у палон да саюзьнікаў. У 1945 г. добраахвотна ўступіў у 2-гі Польскі корпус. Ад 1946 г. жыў у Брытаніі. Ад 12.07.1947 быў сябрам ЗБВБ, аднак у часе падзеяў расколу далучыўся да апазыцыі і выйшаў з арганізацыі. У 1948 г. браў удзел у стварэньні аддзелу ХАБР у Лёндане, а ў 1949 г. ужо ўваходзіў ва ўправу акруговага цэнтру ХАБР у Ланкашыры, дзе выконваў абавязкі скарбніка. У 1952 г. пасьля спэцыяльнай падрыхтоўкі ў Брытаніі і Нямеччыне быў засланы на тэрыторыю Польшчы. Нягледзячы на тое, што польскія спэцслужбы даволі хутка выкрылі яго, здолеў выйсьці з-пад іх кантролю і вярнуцца ў Вялікабрытанію, дзе пасяліўся на сталае жыцьцё ў Брайтане. Стаў правобразам галоўнага героя кнігі Энтані Рычардсана “Няма дзе скласьці галаву” (Anthony Richardson. No Place to Lay My Head), выдадзенай у Лёндане ў 1957 г. У 1981 г. зноў уступіў у шэрагі ЗБВБ.

Як раз нядаўна трымала ў руках гэтую кнігу Рычардсана, шкадавала, што там апісаныя толькі ваенныя прыгоды героя. І адначасова падумалася, што калі б гэты тэкст нехта пераклаў і выдаў па-беларуску, гэта было б нечувана для нашага грамадства… Герой кнігі абсалютна свядома змагаецца з партызанамі як з ворагамі і атрымоўвае ад гэтага задавальненне…

АЛЯКСАНДАР ГРЫЦУК (нар. 6.09.1928). Нарадзіўся ў в. Дуброва (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласьці) у сялянскай сям’і. Падчас нямецкай акупацыі пасьля забойства бацькі й спаленьні вёскі апынуўся ў лягеры Дахаў (Нямеччына), адкуль трапіў у Аўстрыю. Па капітуляцыі быў у лягеры Куфштайн (Аўстрыя), дзе ўдзельнічаў разам з братам — Паўлам Гузам — у заснаваньні беларускага скаўтынгу. У 1949 г. разам з маці й братавай сям’ёй прыехаў у Аўстралію. Пасяліўся ў Мэльбурне, дзе быў адным з заснавальнікаў беларускага скаўцкага зьвязу “Усяслаў Чарадзей”. Сябра Аддзелу Беларускага Аб’еднаньня ў Вікторыі. Дапамагаў у выданьні часопіса “Новае Жыцьцё” ў Мэльбурне. Удзельнічаў у фірме па будоўлі дамоў для беларусаў. Пазьней быў высьвечаны на сьвятарства япіскапам УАПЦ Данатам і на працягу 25 гадоў выконваў душпастырскія абавязкі. Адначасова належыў да Беларускага Цэнтральнага Камітэту й Камітэту Набыцьця Беларускага Дому (пазьней Каапэратыву), плаціў складкі ў Беларускі Нацыянальны Фонд. Сябра Беларускага Вызвольнага Фронту й Беларускага Сацыяльнага Клюбу.

Чалавек, якога ведаю асабіста, у хаце якога тыдзень жыла. Ён быў першым аўстралійскім беларусам, з якім я пазнаёмілася. Вельмі цікавы і вясёлы дзядзечка…


ВЕРА КАЛЕСЬНІКОВІЧ (дзяв. Арцямюк; нар. 6.09.1935). Нарадзілася ў в. Парцава Бельск-Падляскага павету (сёньня Падляшскае ваяводства, Польшча) у сялянскай сям’і. Скончыла сямігодку й вучылася на курсах, пасьля якіх працавала ў Беластоку на баваўнянай фабрыцы. На пачатку 60-х гадоў на запрашэньне сваякоў прыехала ў Сыднэй, адкуль перабралася ў Адэляйду. Тут пазнаёмілася з Уладзімерам Калесьніковічам, зь якім ў 1966 г. пабралася шлюбам. Некаторы час працавала на фабрыцы. Нарадзіла двух дзяцей. Брала актыўны удзел у жыцьці беларускай грамады ў Адэляйдзе — сьпявала ў хоры, дапамагала ў арганізацыі нацыянальных мерапрыемстваў беларускай парафіі сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла і Беларускага Аб’еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі.
Адна з жанчын, з якімі запісвала інтэрв’ю. Яго можна прачытаць тут: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=145

<
Вера Калесніковіч у маладосці

ЯНКА ГРАЛЕЎСКІ (01.03.1912 – 06.09.1989), грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся на Віленшчыне. Быў у 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, перайшоў на бок саюзьнікаў, потым служыў у 2-м Польскім корпусе. Ад 09.09.1948 быў сябрам ЗБВБ, быў адным са стваральнікаў і неаднаразова абіраўся старшынём Кембрыдзкага аддзелу. Пазьней быў мужам даверу ЗБВБ у Кембрыджы і адным з заснавальнікаў парафіі БАПЦ у гэтым горадзе. Сябра ЗБК ад 1949 г., старшыня дружыны ЗБК. Пахаваны на New Market Road cemetery у Кембрыджы.
Tags: асобы, каляндар, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments