Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 8 верасня. Апанас (Мартас), Міхась Тулейка

АПАНАС (АНТОН МАРТАС, 08.09.1904, в. Завітая Наваградскага пав. Мінскай губ. (сёння Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.) — 03.11.1984, Буэнас-Айрэс, Аргентына ), рэлігійны дзеяч, архіепіскап, магістр тэалогіі. У 1927 г. пастрыжаны ў манахі пад імем Апанас (Афанасій). Скончыў багаслоўскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта (1930). Намеснік Яблочынскага манастыра. У 1942 г. у Мінску высвечаны на епіскапа Віцебскага і Полацкага. Ад 1944 г. — на эміграцыі. Разам з іншымі беларускімі іерархамі ў 1946 г. перайшоў у юрысдыкцыю РЗПЦ. Адміністратар Паўночна-нямецкага вікарыята Нямецкай епархіі РЗПЦ. Выкладаў рэлігію ў беларускай гімназіі ў Ватэнштэце, супрацоўнічаў з беларускай праваслаўнай прэсай, выдаў падручнік Старога Запавету па-беларуску. У 1950—1955 гг. — вікарны епіскап у Аўстраліі. Потым пераехаў у Аргентыну. Епіскап (пазней архіепіскап) Буэнас-айрэскі і Аргентынска-парагвайскі.



У 1966 г. выдаў кнігу “Белорусь в исторической государственной и церковной жизни” (прадмова па-беларуску). У 1971 г. Сінод РЗПЦ забараніў чытанне і распаўсюд кнігі, а аўтара адлучыў ад рэлігійнай дзейнасці. Цікава, што рэпрынтнае выданне кнігі было зроблена Беларускім Экзархатам РПЦ у 1990 г.



Памёр у Буэнас-Айрэсе. Пахаваны на могілках Свята-троіцкага манастыра ў Джорданвілі (ЗША).


Здымкі магілы зрабіў Л. Юрэвіч

МІХАСЬ ТУЛЕЙКА (08.09.1915, Нясвіж Слуцкага пав. Менскай губ. (сёння Мінская вобл.) — 06.03.1998, Нью-Джэрсі, ЗША), грамадскі дзеяч. У 1936 г. скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, адкуль адразу быў забраны ў польскае войска на падрыхтоўчыя афіцэрскія курсы. Працаваць настаўнікам пачаў у 1937 г. у Нясвіжы, пазней — у Снове. У 1939 г. быў зноў мабілізаваны, пад Варшаваю паранены. Працаваў у Нясвіжы — спачатку настаўнікам, пасля заступнікам дырэктара настаўніцкай семінарыі. Пазней працаваў у Баранавіцкай настаўніцкай семінарыі. Кіраваў камітэтам БНС на Баранавіцкую акругу. Быў дэлегатам Другога Усебеларускага кангрэсу. Ад 1944 г. — на эміграцыі. У Берліне ў 1944 г. у рангу афіцэра быў далучаны да кадравага батальёна, што фармаваўся ў школе на Lychenerstrasse. У сфармаваны ў пачатку 1945 г. у Баварыі батальён, аднак, яго не паслалі. Замест таго займаўся вярбоўкай добраахвотнікаў у беларускае войска. Студыяваў у Мюнхенскім універсітэце UNRRA і Украінскім вольным універсітэце ў Рэгенсбургу. Заснавальнік Беларускага студэнcкага зуртавання. У 1949 г. выехаў у ЗША. Быў абраны першым старшынём Згуртавання белaруска-амерыканскай моладзі. Уваходзіў у рэдакцыйную калегію часопіса “Віці”. Зарганізаваў першы беларускі скаўтынгавы атрад у Амерыцы. Сябра БАЗА, у тым ліку пэўны час кіраваў Нью-ёркскім і Нью-джэрсійскім аддзеламі арганізацыі. Найбольш часу аддаваў працы на пасадзе старшыні парафіяльнай рады БАПЦ у Брукліне, быў рэгентам хору. Пазней, перaехаўшы ў Нью-Джэрсі, працягваў сваю грамадска-рэлігійную дзейнасць у Гайленд-Парку.
Tags: асобы, каляндар, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments