Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 21 лістапада. Згуртаванне беларускіх камбатантаў у Вялікабрытаніі

21 лістапада 1948 г., у Лёндане адбыўся першы Агульны зьезд Згуртаваньня беларускіх камбатантаў (ЗБК).

На з’ездзе быў прыняты Статут арганізацыі. Галоўнымі мэтамі яе абвяшчаліся: гуртаваньне ўсіх беларусаў – былых вайскоўцаў усіх саюзніцкіх армій Першай або Другой сусьветнай вайны, а таксама ўдзельнікаў змаганьня за незалежнасьць Беларусі, паглыбленьне сяброўскіх сувязяў сярод іх, маральная і матэрыяльная дапамога, заспакаеньне культурных патрэбаў, пашырэньне вайсковай веды, прапаганда сярод беларускай эміграцыі і іншых народаў ідэі вольнай і незалежнай Беларусі, супрацоўніцтва з камбатанцкімі арганізацыямі іншых народаў .

Першым старшынём ЗБК быў абраны Пётра Сыч. Акрамя яго ва ўправу ўвайшлі Мікола Нікан, Янка Пілецкі, Базыль Варган і Уладзіслаў Курыла . Управа і канцылярыя ЗБК разьмясьцілася ў Беларускім доме ў Лёндане па адрасе: 52 Penn Road.

Згуртаваньне беларускіх камбатантаў стваралася найперш як арганізацыя самапомачы. Аднак сярод яе задачаў стваральнікі бачылі і зьбіраньне інфармацыі пра ўдзел беларусаў ва ўсіх франтах апошняй вайны, а таксама пошукі зьвестак пра магілы загінулых беларускіх вайскоўцаў. Пра гэта, як і шмат пра што іншае павінен быў распавядаць адмысловы пэрыёдык беларускіх камбатантаў у Вялікабрытаніі.

Бюлетэнь ЗБК "Змагар"


Згуртаваньне і яго кіраўніцтва найперш засяродзілася на арганізацыйнай працы па аб’яднаньні былых вайскоўцаў і структурнай разбудове ЗБК. І пэўныя посьпехі ў гэтым кірунку былі дасягнутыя. Ужо на Другім зьездзе было канстатавана, што ЗБК стала другой па велічыні (пасьля ЗБВБ) беларускай арганізацыяй ў Вялікабрытаніі. На канец 1949 г. яе сябрамі, паводле картатэкі, былі 75 асобаў.
З часам стала афармляцца і рэгіянальная структура арганізацыі. Аднымі зь першых ў 1950 г. паўсталі дружыны ЗБК у Бірмінгеме, пазьней у Брадфардзе . На 1953 г. яно мела дружыны ў Бірмінгеме (11 чалавек), Брадфардзе (10 чалавек), раёне Бэрсьлем горада Сток-он-Трэнт (12 чалавек), Кембрыджы (6 чалавек), Манчэстэры (11 чалавек), а таксама асяродак у Лёндане (10 чалавек) ды тры асобы “без арганізацыйнага прыдзелу”.

Да 1953 г. кіраўніком ЗБК быў Пётра Сыч, ягоным наступнікам стаў Уладзіслаў Курыла, яшчэ праз год, у 1954 г. кіраўніком арганізацыі стаў Браніслаў Курага-Скрага (Янка Пілецкі). Дзейнасьць рэгіянальных суполак ЗБК паступова стала больш актыўнай за дзейнасьць лёнданскага асяродку. Магчыма, гэта і перадвызначыла практыку правядзеньня зьездаў арганізацыі па чарзе ў розных гарадах, дзе былі дружыны ЗБК (першыя тры зьезды прайшлі ў Лёндане, у 1953 г. – у Брадфардзе, у 1954 г. – у Манчэстэры). Так, у 1953 г. на 4-м агульным зьезьдзе дыскутавалася пытаньне пераносу Галоўнай управы арганізацыі зь Лёндану ў Брадфард, аднак прапанова не была прынятая менавіта высілкамі Брадфардзкай дружыны.


Зьезд Згуртаваньня беларускіх камбатантаў. Брадфард, 1953 г.

Асноўны зьмест дзейнасьці рэгіянальных адзінак ЗБК і Галоўнай управы складаўся (акрамя пошуку і прыцягненьня новых сябраў) з арганізацыі сходаў і нацыянальных сьвяткаваньняў (часта разам з аддзеламі ЗБВБ), а таксама наладжваньня кантактаў з іншымі камбатанцкімі арганізацыямі. Прыкладам, у 1952 г. ЗБК увайшло да Міжнароднага задзіночаньня камбатантаў з Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, заснаванага ў Парыжы і якое аб’ядноўвала азербайджанцаў, балгараў, беларусаў, грузінаў, казакаў, літоўцаў, вугорцаў, палякаў, паўночных каўказцаў, румынаў, славакаў і украінцаў . Таксама ЗБК займалася дапамаговай дзейнасьцю і зьбірала сродкі для былых жаўнераў. Сябры арганізацыі сабралі ахвяраваньні на помнік кампазытару Міколу Равенскаму (Бэльгія). Дзеля паляпшэньня сваёй фінансавай сытуацыі ЗБК зьвярталася да польскай камбатанцкай арганізацыі ў Вялікабрытаніі, апэлюючы да таго, што беларусы служылі ў польскім войску, аднак была атрымана адмова.

ЗБК ад самага пачатку было арганізацыяй прыхільнікаў Рады БНР і Міколы Абрамчыка, і кожны Агульны зьезд абавязкова дасылаў яму прывітальную тэлеграму. Праўда, зважаючы на пэўны аўтарытэт, які меў сярод былых вайскоўцаў Радаслаў Астроўскі, спачатку стваральнікі ЗБК намагаліся не засяроджвацца на палітычнай барацьбе. Аднак дзейнасьць прэзыдэнта БЦР у вайсковай галіне не магла заставацца па-за ўвагай кіраўніцтва камбатантаў. Камунікаты ЗБК час ад часу зьмяшчалі тлумачэньні пазыцый арганізацыі наконт ініцыятывы Радаслава Астроўскага беларусам вербавацца для ўдзелу ў ваенных дзеяньнях у Карэі , або адносна наданьня новых рангаў і званьняў беларускім вайскоўцам . Відавочна, палітычная заангажаванасьць арганізацыі была адной зь вялікіх перашкодаў для росту колькасьці яе сябраў.
Праз уплыў розных абставінаў дзейнасьць ЗБК не была працяглай. Энтузіязм першых гадоў стаў яскрава згасаць ужо да 1953 г., калі 4-ы агульны зьезд мусіў ўнесьці зьмены ў Статут арганізацыі па зьмяншэньні кворуму на агульных зьездах (з 1/3 да 1/4 часткі). Нягледзячы на тое, што зьезд пастанавіў афіцыйна зарэгістраваць ЗБК паводле брытанскага заканадаўства, гэтая справа на той час ўжо была немагчымай для рэалізацыі . Ад 1955 г. зьвестак пра ЗБК больш не сустракаецца ні ў дакумэнтах, ні ў пэрыядычным друку.

Верагодна, галоўнай прычынай спыненьня дзейнасьці ЗБК стала хваля рээміграцыі вялікай колькасьці яго сябраў зь Вялікабрытаніі, што моцна ўдарыла па ўсіх беларускіх арганізацыях. У іншыя краіны зьехалі ўсе, хто некалі ініцыяваў стварэньне ЗБК у Вялікабрытаніі і значная частка яго кіраўніцтва (асабліва рээміграцыя закранула лёнданскі асяродак). Без належнай каардынацыі з цэнтру даволі хутка згасла і рэгіянальная актыўнасьць камбатантаў
Tags: арганізацыі, каляндар, падзеі, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments