Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Дзмітры Сямёнаў. Дзённік 1943-1947

Сёння атрымала сігналы "Дзённіка" Сямёнава. Набыць кнігу можна будзе ўжо пасля Новага году ў асноўных менскіх беларускакніжных месцах. Абяцаюся паведаміць усе яўкі адмыслова. А пакуль прапаную тэкст прадмовы, напісанай Лявонам Юрэвічам. Ну і колькі здымкаў.

ПРАДМОВА

У менскай “Беларускай газеце” ці берлінскай “Раніцы” адбіткі тагачаснага ваеннага, падакупацыйнага, а ўсё ж такі беларускага жыцця — і побытавага, і культурнага — трэба шукаць не ў артыкулах-прасцірадлах на першых бачынах, а ў калейдаскопе паведамленняў-карацелек, абвестак, лістоў у рэдакцыю на бачынах апошніх:

“Кожны собсьнік вэлёсыпэдаў абавязаны на працягу лютага месяца 1944 г. заявіць свой вэлёсыпэд і атрымаць на 1944 г. адпаведны нумар і пасьведчаньне аб дазволе. Калі вэлёсыпэд будзе ўжывацца бяз заяўкі, ён будзе канфіскаваны. Пры заўяцы патрэбна ведаць марку і фабрычны нумар вэлёсыпэду. Рэгістрацыя вытвараецца ў памешчаньні Акамулятарнай Майстроўні — Нова-Мясьніцкая, 20”.

“Паважаны спадару рэдактару! Прашу Вас дазволіць мне праз Вашую газэту выказаць глыбокую падзяку ўсім тым, хто ўзяў шчыры ўдзел у пахаваньні мае маці Бэнігны Луцэвіч. Ганна Луцэвіч”.

“Увага! Выйшаў з друку і ёсьць у прадажы ў большай колькасьці невялікі нямецка-беларускі слоўнік, апрацаваны Гансам Лёе. Слоўнік гэты мае 50 балонак друку і можа служыць як дапаможнік асабліва для работнікаў сельскае гаспадаркі”.

“Купляем андаракі (беларускія спадніцы). Даведацца ў сакратарыяце “Беларускае газэты” вул. Рагнеды (был. Рэвалюцыйная), 2”.

“Менскія вечарыны. Кажную другую нядзелю Менская Краёвая Радыёстанцыя будзе ладзіць 2-х гадзінны вясёлы і разнастайны канцэрт для беларускіх слухачоў пад назовам “Менскія вечарыны” ў часе ад 15 да 17 гадзіны. Першая вечарына адбудзецца ў нядзелю 13 лютага. Добры настрой, весялосьць, цікавы і разнастайны зьмест, трохі мрояў, трохі сьмеху — усё гэтае ўвойдзе ў праграму вечарынаў. Беларускія слухачы! Слухайце нашыя канцэрты “Менскія вечарыны”!”.


Сярод падобных у нумары 38200 “Раніцы” ад 17 верасня 1944 г. было змешчана наступнае:
“Беларускі Гістарычны Музэй. Беларускі Гістарычны Музэй з Менску быў вывезены спачатку ў горад Інстэрбург (Усходнія Прусыі), а затым у вёску Гэхштэдт каля Ульму на Дунаю.
Беларускія бібліятэкі. Шэраг беларускіх бібліятэчных фондаў перавезены ў Рацібор. На жаль, беларускія бібліятэкі знаходзяцца ў агульнай масе з іншымі бібліятэкамі, бо беларускага апрычонага аддзелу пакуль што яшчэ ня створана.
Архіў Беларускай Акадэміі Навук. Частка архіву Беларускае Акадэміі Навук вывезеная ў горад Рацібор, дзе над разборкаю дакумэнтаў часова працуе адзін з маладых беларускіх навукоўцаў. Лёс рэшты архіву яшчэ невядомы”.

Дзмітры Сямёнаў і Вацлаў Пануцэвіч

Вось жа гэты малады навуковец і ёсць аўтарам дзённіку, які шаноўны чытач трымае ў сваіх руках.

З невялікага некралогу ў газеце “Беларус” даведваемся, што нарадзіўся Дзмітры Сямёнаў 11 чэрвеня 1926 г. у Менску. Ягоныя бацькі, Аляксандр і Алёна з Турцэвічаў, былі эканамістамі з вышэйшаю асветаю.

Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў фельчарскай школе і працаваў у Краязнаўчым (Гістарычным) музеі (пад кіраўніцтвам Антона Шукелойця).

У Амерыцы вывучаў паліталогію ў Ратгерскім універсітэце, штат Нью-Джэрсі (але ж працаваў хімікам).
Памёр 29 верасня 1982 г.

Па-за тэкстам некралога застаўся выезд Дзмітрыя Сямёнава разам з сябрамі (і не сябрамі) Рады БЦР у Берлін, ягонае жыццё ў нямецкім лагеры Біраў, а пасля заканчэння вайны — у беларускіх лагерах DP, праца ў скаўтынгу, дапамога Антону Адамовічу ў выданні “Ведамак”. Пра ўсё гэта расказваецца ў дзённіку.

Дасведчанаму чытачу збольшага вядомыя гэтыя падзеі, не ў апошнюю чаргу дзякуючы ўспамінам старэйшых ад Сямёнава дзеячаў-эмігрантаў: Яўхіма Кіпеля, Леаніда Галяка, Наталлі Арсенневай ды некаторых іншых. Таму значнасць дзённіка палягае не толькі ў данясенні да нас новых звестак з гісторыі жыцця ў Беларусі і беларусаў у 1943—1947 гг., але і ў адлюстраванні нутранага, псіхалагічнага свету падлетка; у дэманстраванні, як падзеі ваеннага часу адбіваліся ў свядомасці юнака.

Толькі было б памылковым сцвярджаць, што дзённік не захоўвае нічога новага. Дзе яшчэ, у якой мемуарнай крыніцы можна знайсці пералік рэпертуару Менскага тэатру або назвы нямецкіх фільмаў, што дэманстраваліся ў Soldatenkino ў беларускай сталіцы? Ёсць нават блізу сенсацыйныя запісы, датычныя працы ў Музеі, эвакуацыі экспанатаў — як піша сам Сямёнаў, “службовая таямніца”.

Нястомны паглынальнік кніг (дый наогул аматар прыгожага пісьменства; у скаўцкіх часопісах, у “Ведамках” друкаваўся пад псеўданімам Зміцер Алесіч), аўтар занатоўваў назвы прачытанага, што знаходзіў у Менску, а пазней у лагерах, тым самым захаваўшы найцікавейшы матэрыял для аналізу культуры чытання тых часоў.

І, зразумела, надзвычайная каштоўнасць дакумента ў фіксацыі побытавага, штодзённага жыцця менскага нацыянальна-мяшчанскага асяроддзя, пачынаючы ад старонак, напісаных у бацькоўскай хаце (Плошча Свабоды, дом № 35, кватэра 4) да нататак часоў лагераў у Нямеччыне. Як напісаў аўтар іншага дзённіка, “Запісак эмігранта” (або “Дзённіка Ів. Ів. Чужанінава”), ён жа адзін з герояў дзённіка Сямёнава — Лявон Савёнак, “«Запіскі» часта рысуюць драбніцы штодзённага жыцьця, а з драбніцаў гэтых фактычна й складваецца само жыцьцё. Калі ж узяць на ўвагу, што гэтыя драбніцы натаваліся беспасярэдне з самога жыцьця ў часох ваеннае завірухі, калі кажны чалавек найчасьцей бывае без цывілізаванае маскі, дык яны могуць больш праўдзіва схарактарызаваць чалавечую натуру і адлюстраваць сапраўднага чалавека не ў сьвяточным гарнітуры, а ў ягонай штодзённай вопратцы. […] Прашу прабачэньня ў шаноўных чытачоў, што ў сувязі з гэтым паасобныя мясьціны запісак могуць здавацца занадта падрабязнымі й цікавымі хіба толькі для гісторыкаў” .

Дзённік Чужанінава”, як вядома, мастацкі твор, у адрозненне ад дзённіка Сямёнава — гістарычнага дакумента. Але думкі, паводзіны, развагі герояў гэтых двух дзённікаў часам настолькі падобныя, што “бывае складана вызначыць — узнаўляе літаратура тую ці іншую побытавую з'яву ці наадварот — гэта побытавая з'ява ёсць пранікненнем у жыццё літаратурных шаблонаў” . Супадзенне адбываецца часам нават на стылёвым узроўні.

Да прыкладу прывяду дзве цытаты.
З дзённіка Сямёнава: “Настрой маем дось добры, хоць цэлы час мучае неспакой за будучыню. “Хоць бы якая-небудзь вайнішка”, — кажа наш інжынэр”; “Молатаў вылецеў у Сан-Францыска. Божа! Дай вайну! Няхай палятуць у пекла бальшавікі”.

З “Дзённіка Чужанінава”: “Гаварылі пра вайну: што такое вайна, чаму яна, як яно ўрэшце будзе. Тут кажны бараніў сваё. Адзін, прыкладам, выступіў і сказаў, што вайна гэта ёсьць вайна, і хоць яна рэч непажаданая, але ваяваць усё ж трэба. Другі хваліўся, што ён таксама ваяваў бы, але яму бараніць няма чаго. Трэці, наадварот, націскаў на тое, што вайна — рэч надта патрэбная, але ваяваць ня трэба. Некаторыя казалі, што пасьля вайны будзе толькі так, а іншыя, наадварот, што будзе толькі гэтак. Разнабою было шмат. Але ўрэшце бальшыня пагадзілася на тым, што можа быць і так, а можа быць і гэтак. Асабліва ўпорыста выступаў супроць вайны адзін нейкі ні то прафэсар, ні то рахункавод — за пылам не разьбярэш. Ён на абарону свае тэорыі выцяг і Талстога, і Дыягена, і яшчэ тузін іншых філёзафаў. Тут ня вытрываў і я.
— Выбачайце, грамадзянін пацыфісты, вайна — рэч конча патрэбная, без вайны нельга, бо яна асьвяжае, яна ачышчае чалавецтва. Вайна — гэта сьмерць, а сьмерць родзіць жыцьцё”
.

Аўтарамі — знакамітым сталічным фельетаністам, сябрам Янкі Купалы Лявонам Савёнкам і школьнікам Дзмітрыем Сямёнавым — натуральна, кіравалі розныя памкненні да стварэння сваіх дзённікаў. Але разам з тым яны абодва міжволі адбілі характэрную дэталь культуры таго часу: больш-менш паслядоўнае падзённае запісванне для сябе здарэнняў жыцця.

Сямёнаў згадвае сваіх сябровак, якія таксама вядуць дзённікі і нават даюць іх чытаць адно аднаму, інтымныя, кампраметуючыя, напісаныя быццам выключна для сябе, але, выходзіць атрымоўваецца, з патаемным жаданнем быць зведанымі, пачутымі, зразуметымі. Дый сам Сямёнаў звяртаецца да магчымага чытача (“Чы не знаходзіш Ты, Чытачу, што я вар’яцею?”) і дае яго чытаць каханай дзяўчыне, што набліжае дзённік, насуперак наяўнай традыцыі, не да ўспамінаў, а да эпісталярыю.

Шэсць сшыткаў, якія мо не надта карэктна можна назваць “вучнёўскімі”, запоўненыя — адзін да самай апошняй старонкі, а другі толькі да сярэдзіны — запісамі, зробленымі алавіком і атрамантам, варта было б акрэсліць і іншым жанрам — травелогам, бо гарады і мястэчкі — Менск, Берлін, Амберг, Міхельсдорф з'яўляюцца для аўтара такімі самымі героямі, як і людзі, спатканыя ў падарожжы.
Дзмітры Сямёнаў

Падарожжы не толькі прасторавым. Дзённік замяняе аўтару сябра, якога не пашчасціла знайсці і якому льга паспавядацца (“Ізноў і зноў зьвяртаюся я да Цябе — каханы дружа — папера”), асабліва ў хвіліны такой натуральнай для падлетка тугі па каханні і цеплыні (і хай не бянтэжыць чытача, што пра каханне будзе апавядацца мо болей, як пра што іншае). Нездарма, відаць, апошні запіс зроблены незадоўга да жаніцьбы, калі падобны чалавек у жыцці Дзмітрыя Сямёнава нарэшце з’явіўся і патрэба ў дзённіку сышла.

Шура Сямёнава перажыла свайго мужа амаль на трыццаць гадоў. Дзённікавыя сшыткі захоўваліся ў яе праз увесь час, а пасля яе смерці, у 2011 г., дачка Раіна перадала паперы ў Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Ёрк).

У апошнім запісе, датаваным 16 верасня 1947 г., Сямёнаў занатоўвае: “Гісторыя, якую мела дапісаць жыцьцё, дапісваецца”. Ён меў на ўвазе сваю ўласную гісторыю, гісторыю прыязняў, мрояў, закаханасці. У выдрукаваным жа тут цалкам дзённіку словы выглядаюць як свядомы прыём, бы аўтар выбудоўваў ад пачатку сюжэтную лінію і не дні свайго жыцця занатоўваў, а пісаў мастацкі твор. Зрэшты, напэўна меў рацыю Віктар Шклоўскі, напісаўшы, што новай літаратурнай формай, магчыма, будзе газета як мастацкае цэлае, або адродзіцца дакументальная проза праз захапленне мемуарамі і вандраваннямі .

Дзённік друкуецца з захаваннем аўтарскай мовы, у тым ліку выразаў кшталту Дзякаваць цябе; вучу ангельскі. У каментарах выкарыстаны як апублікаваныя ўспаміны (Леаніда Галяка, Наталлі Арсенневай, Яўхіма Кіпеля, іншых), гэтак і адмыслова напісаныя для гэтай кнігі згадкі-заўвагі Вітаўта Кіпеля.

Але адзін каментар варта вынесці ў прадмову, і датычыцца ён Рацібора (польск. Raciborz), куды, як памятаем з паведамлення газеты “Раніца”, былi перавезеныя беларускія бібліятэчныя фонды і дзе нейкі час жыў Дзмітры Сямёнаў. Бо менавіта тут знаходзіўся Аператыўны штаб Розэнберга (Einsatzstab Reichsleiter Rosenberg, далей ERR) — сумнавядомая арганізацыя нацыстаў, якая займалася канфіскацыяй і вывазам з акупаваных тэрыторыяў культурных каштоўнасцяў.
Пераехала яна ў гэтае мястэчка летам-восенню 1943 г., калі бамбаванне Берліну паставіла пад пагрозу захаванне нарабаваных калецый і архіваў. Цягам паўтара гадоў у Раціборы працаваў Цэнтр па вывучэнні бальшавізму — з галоўнымі кабінетамі ў францысканскім манастыры, з асобным памяшканнем для ўсходніх калекцый у сінагозе. Усё сабранае ў адным месцы змясціць не ўдалося, і частка архіваў, вывезеных з СССР, захоўвалася ў мястэчку Тропаў, прыкладна за сто кіламетраў ад Рацібора. Асобны відэа-аўдыё архіў захоўваў каля 8000 фотаздымкаў з Савецкага Саюза і каля 4000 пласцінак (“плітак”). Каб уявіць памер працаў — даследчых, архіўных, бібліятэчных, — варта сказаць, што ўлетку-ўвосень 1944 г. колькасць супрацоўнікаў Цэнтра была блізу лічбы 350. Хутчэй за ўсё Дзмітры Сямёнаў і Антон Шукелойць не ўваходзілі ў штат, але іхная праца была звязаная з апрацоўкаю беларускіх архіваў.

У сакавіку 1945 г. калекцыі былі захопленыя савецкімі войскамі, якія ўвайшлі ў Сілезію. Сярод іншага быў і так званы Смаленскі архіў. Не высветлена тымчасам, як ён апынуўся ў руках амерыканцаў, каб пасля — спачатку праз непаразуменні, а потым у выніку палітычных гульняў часоў халоднай вайны — не быў вернуты ў Смаленск, а быў перасланы на захаванне ў Нацыянальны архіў у Вашынгтоне. Для беларусаў жа ён цікавы найперш тым, што там ёсць датаваныя 1926 г. вершы Васіля Каваля (Roll 53, item 505). Iхны provenance — не смаленскі: хутчэй за ўсё, у Раціборы смаленскія і беларускія архівы месціліся побач, і вершы беларускага паэты выпадкова, як і некаторыя ўкраінскія паперы, трапілі туды, калі архівісты спехам рыхтавалі іх да чарговай эвакуацыі.

Што яшчэ захоўвалася ў Раціборы з беларускіх архіваў, невядома, як невядома, што з гэтага вярнулася на Усход, а што паехала далей на Захад. З часам выплыла толькі драма Каруся Каганца “Сын Даніла”, апублікаваная пазней Антонам Адамовічам у часопісе “Сакавік”. Бадай няма сумневу, штo яе паходжанне — раціборскае.
Так ці інакш, але чытачу цяпер прынамсі будзе зразумелы кантэкст.

Лявон Юрэвіч

Tags: кнігі, эміграцыя
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 5 comments