Наталля (hardzin) wrote,
Наталля
hardzin

Мой Кангрэс

VI Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Коўна
Паводле афіцыйных звестак, у сёлетнім Кангрэсе ўдзельнічала каля 450 чалавек з 20 краінаў. Тут працавалі пятнаццаць секцый і ў працы кожнай была свая адметнасць, а таму гісторыі пра гэтае мерапрыемства ў розных удзельнікаў будуць істотна розніцца. Мая справаздача будзе звязаная з працай секцыі “Беларускае замежжа і памежжа ў гісторыі і сучаснасці”. (На здымку толькі невялікая частка удзельнікаў, што не паспелі збегчы на абед)
SAM_3326

(далей багата здымкаў і тэксту)
Гэтая секцыя стала вынікам злучэння трох тэматычных напрамкаў: “Беларускае памежжа”, “Беларускае замежжа”, і “Беларусы ў Польшчы”. Усяго на секцыі былі запланаваныя выступы 31 навукоўца з 8 краінаў (Беларусь, Польшча, Літва, Україна, Вялікабрытанія, Расія, Італія і Германія). Што праўда, не ўсе даехалі да Кангрэсу, але пераважная большасць заяўленых удзельнікаў была і праца атрымалася вельмі цікавай.

Першы, чым перайсці ўласна да секцыі, хачу згадаць адкрыццё на Кангрэсе цікавай выставы, прысвечанай Віленскай беларускай гімназіі. Адкрывалі яе Томаш Блашчак і Людвіка Кардзіс. Рэдкія фотаздымкі, дакументы, сшыткі, падручнікі, вышыванкі і іншае, звязанае з гэтай навучальнай установай і яе вучнямі, маглі ўбачыць удзельнікі Кангрэсу.
SAM_0010

Першая панэль, якая пачала працу ў пятніцу 3 кастрычніка была прысвечана пытанням межаў і памежжа. Мадэравалі яе Ганна Запартыка і я.
SAM_3266

Алег Латышонак з Беластоцкага ўніверсітэту тут распавёў пра розныя бачанні цывілізацыйнай прыналежнасці Беларусі і прыйшоў да высновы, што найбольш ягонаму ўяўленню адпавядае канцэпцыя Фелікса Канечнага і аднясенне беларусаў да туранскай цывілізацыі.
SAM_3271

Дарота Міхалюк з Універсітэта Мікалая Каперніка разгледзела больш вузкае пытанне, звязанае з мапай БНР 1918 г., яе паходжаннем і аўтарствам. Паводле выступоўцы, адным з найбольш верагодных аўтараў можа быць немец Вальтар Егер, хоць гэта яшчэ хучтэй гіпотэза, якая патрабуе пацверджання.
SAM_3275

У працяг тэмы Вольга Масцяніца з Інстытуту гісторыі Літвы разгледзела варыянты разумення Беларусі, беларускай тэрыторыі яшчэ на пачатку ХХ ст. у розных беларускіх выданнях.
SAM_3277

Надзвычай цікавы даклад прадставіла Вольга Ляўчук з Варшаўскага ўніверсітэту. За інтрыгуючай назвай “Непаўторны свет чалавека памежжа” хаваліся вынікі палявых доследаў, зробленых на Пастаўшчыне. Тут закраналіся пытанні і нацыянальнай, і рэлігійнай ідэнтыфікацыі жыхароў, падмацаваныя звесткамі, атрыманымі ў ходзе запісу інтэрв’ю з мясцовымі жыхарамі.
SAM_3279

Апошні выступ на тэму межаў і памежжа зрабіў адзін з арганізатараў секцыі і Кангрэсу наогул Томаш Блашчак з Універсітэту Вітаўта Вялікага ў Коўна. Ён распавёў пра абставіны і асаблівасці вызначэння беларуска-літоўскай мяжы ў 1939 г.
SAM_3290

Пасля перапынку на каву пачала працу панэль “Беларускае замежжа: крыніцы і інтэрпрэтацыі”, якую мадэравалі Алег Латышонак і Томаш Блашчак.
SAM_3295

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіву-музею літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка расказала пра гісторыю з’яўлення фондаў беларускай эміграцыі ў згаданым архіве, іх асаблівасці і сучасны стан апрацоўкі. Быі згаданыя цікавыя акалічнасці перадачы ў архіў дакументаў Міхася Забэйды-Суміцкага, Масея Сяднёва, Антона Адамовіча, Вітаўта Кіпеля, Янкі Запрудніка.
SAM_3294

Далей Зміцер Матвейчык з Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі распавёў пра Міхала Валовіча і яго эсэ, прысвечанае партызанскай барацьбе, знойдзенае ў зборах Польскага інстытуту ў Парыжы. На жаль, Зміцер быў адзіным спецыялістам па эміграцыі ХІХ ст., які змог прыехаць на Кангрэс. Аднак даклад яго выклікаў ва ўсіх прысутных на пасяджэнні вялікую цікавасць.
SAM_3303

Мікола Пачкаеў, старшыня Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, прадставіў даклад на тэму “Падыходы да традыцыі беларускай дзяржаўнасці ў эміграцыі: статус Рады БНР як палітычнай інстытуцыі і як суб'екта гісторыі з гледзішча сучасных даследчыкаў”. Ён звярнуў увагу на тое, што Раду БНР нельга прадстаўляць як проста адну з эміграцыйных арганізацый.
SAM_3306

Ілля Дзяменцьеў з Балтыйскага федэральнага ўніверсітэту імя І. Канта ў Калінінградзе распавёў пра беларускую прысутнасць у Калінінградскай вобласці ды магчымыя спосабы яе камемарацыі. Калінінградская вобласць з’яўляецца самым беларускім рэгіёнам Расіі, адзіным, дзе беларусы складаюць другую паводле колькасці (пасля расейцаў) нацыянальную групу (кал 10%). Думаецца, што вывучэнне іх вопыту і актыўнасці можа быць перспектыўнай тэмай.
SAM_3307

На жаль, не прыехала на Кангрэс Вольга Іванова з Беларускага дзяржаўнага універсітэту, і прысутныя не змаглі паслухаць даклад, прысвечаны вусным успамінам прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Аднак тэкст гтага дакладу будзе апублікаваны ў “Запісах БІНіМ” і ўсе зацікаўленыя змогуць з ім пазнаёміцца.

На гэтым афіцыйная частка першага дня працы была вычарпаная. Аднак пачаліся нефармальныя стасункі. Мы вялікай кампаніяй у складзе Ганны і Марыны Запартыкаў, Дароты Міхалюк, Курта Вулхаўзера, Вольгі Ямковай, і далучыўшыхся крыху пазней Алега Латышонка, Аўгена Мірановіча, Томаша Блашчака ды Яраслава Іванюка  прыемна пасядзелі за півам і смачнай вячэраю ў адной з кавярняў на Лайсвейс алее.

Другі дзень працы пачаўся рана, так што ўдзельнікі секцыі збіраліся вельмі павольна.
SAM_3314

Новая панэль была прысвечана праблемам беларускага замежжа ў міжваенны перыяд. Паколькі адзін з мадэратараў (Юры Грыбоўскі) не прыехаў на кангрэс, то я ўзялася дапамагаць Сяргею Шабельцаву ў гэтай справе.
Першай слова мела Вольга Ямкова з Кіеўскага нацыянальнага універсітэту імя Тараса Шаўчэнкі, якая расказала пра беларускае студэнцтва ў чэшскіх навучальных установах у 1920-х — 1930-х гг. Яна прывяла цікавыя статыстычныя звесткі і архіўныя матэрыялы пра беларускіх студэнтаў у Брно. (Прабачце, Вольга, не атрымалася добрага здымку)
SAM_3316_1

Змяніў заяўленую ад пачатку тэму Андрэй Буча з Менску, які расказаў пра Беларускі кабінет ва Украінскім інстытуце грамадазнаўства ў Празе, які дзейнічаў у 1920-х гг. на чале з Тамашам Грыбам. У якасці супрацоўнікаў кабінета выступалі таксама Сяргей Бусел, Мікола Ілляшэвіч, Мікола Чарнецкі, Ігнат Сланеўскі. Беларускі кабінет збіраў бібліятэку, архіў, займаўся беларусазнаўчымі даследаваннямі. Фактычна, гэта была першая беларуская даследчая ўстанова на эміграцыі.
SAM_3315

У працэсе дыскусіі высветлілася, што ў Вольгі Ямковай і Андрэя Бучы супольныя інтарэсы ў агучанай тэме, і яны дамовіліся зрабіць агульную публікацыю, параўнаўшы тыя дакументы, на якія кожны з іх абапіраецца ў сваіх даследаваннях.

На жаль, з прычыны статы голасу, не змагла прадставіць свой даклад на Кангрэсе прысутная Вольга Зубко з Вінніцкага нацыянальнага аграрнага універсітэту. Аднак яе тэкст, таксама прысвечаны беларускім пражанам, будзе апублікаваны ў “Запісах БІНіМ”.

Яе калега з Міжнароднай акадэміі кіравання персаналам у горадзе Хмельніцкім Алена Барабаш прадставіла даклад на тэму “Беларусы ў эміграцыі як фактар нацыянальнай ідэнтыфікацыі, Прага 1920-я гг.” паспрабавала ацаніць наяўнасць пашпартоў БНР у беларускіх студэнтаў у Чэхаславачыне як фактар нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Гэтая тэза выклікала ажыўленую дыскусію ў прысутных.
SAM_3317

На жаль, не дабралася да Кангрэсу Вольга Коваль з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту. Прысутныя з цікавасцю чакалі дакладу пра беларуска-украінскія ўзаемасувязі ў міжваенны час.

Своеасаблівую чэхаславацкую тэму працягнуў Мікола Трус у Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту, які расказаў пра Браціслаўскі архіў Людмілы Краскоўскай, яго украінскія і беларускія зборы. Вядомы славацкі археолаг, дачка беларускага дзеяча Івана Краскоўская Людміла зберагла для нашчадкаў надзвычай цікавыя дакументы з міжваеннага і паваеннага часу. Частку ліставання з гэтага архіву (лісты Каберца, Жылкі, Луцкевіча і некаторых іншых) мы публікавалі ў апошніх “Запісах БІНіМ”.
SAM_3318

Уладзімір Калупаеў з даследчага цэнтру “RussiaCristiana” з італьянскага мястэчка Серыята з’яўляецца даследчыкам расейскай эміграцыі. Аднак на кангрэсе ён прадставіў даклад на тэму “Беларускія місіянеры ў Харбіне (1928—1949)”, у якім цікава распавёў пра дзейнасць беларускіх айцоў-марыянаў і найбольш а. Язэпа Германовіча, а таксама пра тое, дзе ў якіх архівах можна шукаць матэрыялы па гэтай тэме.
SAM_3320

У працяг тэмы Ірына Багдановіч з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту звярнулася ў сваім выступе да творчасці таго самага Язэпа Германовіча, найперш ягонай паэзіі. У дакладзе прагучалі ўрыўкі з твораў Вінцука Адважнага, прысвечаных праблемам беларусізацыі касцёлу.
SAM_3323

Лена Глагоўская з Польшчы прадставіла даклад, прысвечаны дзейнасці і творчасці Хведара Ілляшэвіча ў апошні “нямецкі” перыяд ягонага жыцця. Выступоўца сканцэнтравалася на апісанні самога працэсу збору матэрыялаў пра гэтага дзеяча. Хочацца спадзявацца, што падрыхтаваная аўтаркай кніга пра Хведара Ілляшэвіча ўсё ж пабачыць свет.
SAM_3325

Пасля гэтага выступу мы мелі перапынак на абед, пасля якога пачала працу новая панэль “Беларускае замежжа: асэнсаванне інтэлектуальнай спадчыны”, якую мадэравалі Мікола Трус і Андрэй Буча.
Першым свой даклад агучыў Ціхан Чарнякевіч як прадстаўнік Выдавецкага дому “Звязда”. Ён расказаў пра ўспаміны Адама Варлыгі (Язэпа Гладкага) “Чутае. Бачанае. Перажытае”, якія зараз рыхтуюцца да друку і з’яўляюцца важнай крыніцай па беларускай гісторыі і міжваеннага, і ваеннага, і паваеннага часу.
SAM_3328

Далей ішоў мой даклад пра мемуары сям’і Стагановічаў. Я распавядала пра ўнікальны выпадак у айчыннай эміграцыйнай мемуарыстыцы, а мо і не толькі эміграцыйнай, калі чатыры члены сям’і: бацькі Аляксандр і Марыя Стагановічы, ды дзеці Леў і Тамара напісалі ў розны час кожны свае ўспаміны. Пры гэтым тэксты істотна адрозніваюцца адзін ад аднаго сваімі акцэнтамі, і пры гэтым разам ствараюць надзвычай цікавую гісторыю адной сям’і ў ХХ ст.
SAM_3333

Пасля выступала Ганна Кісліцына з Цэнтру даследавання праблем культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, якая расказала пра вобраз “Беларускага калабаранта”, створаны на старонках “Запісак эмігранта” Лявона Савёнка ды “Дзённіка” Дзмітрыя Сямёнава.  Аўтар звярнула ўвагу на тыповыя рысы калабаранта, якія ў пэўнай меры выглядаюць як рысы нацыянальнага характару беларусаў.
SAM_3347

Апошні даклад на гэтай панэлі прачытаў Сяргей Шабельцаў з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэту. Ён распавёў пра друкаваны орган беларусаў у Аргентыне “Новую газету”, што выдавалася ў Буэнас-Айлэсе ў 1936-1941 гг. і мела пракамуністычную скіраванасць. Аказваецца, і па адным знойдзеным нумары гэтай газеты можна шмат даведацца пра беларускую прысутнасць у згадана паўднёваамерыканскай краіне.
SAM_3350

Апошнім запланаваным на панэлі выступоўцам мелася быць Марына Чарнякевіч з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя М. Танка. Аднак па сямейных прычынах яна не змагла прысутнічаць і тэма асаблівасцяў рэлігійнай лексікі ў беларускіх замежных перыядычных выданнях так і засталася ў нас нераскрытаю.

Пасля заканчэння панэлі я мелася яшчэ зрабіць прэзентацыю “Запісаў БІНіМ” ды дыску беларускіх эміграцыйных калекцый. Праўда, прысутных на імпрэзе прэзентацыяў выдавецкіх праектаў было зусім няшмат.  Але кожны, хто меў жаданне, змог і прэзентаваць свае выданні, і паслухаць пра чужыя. Дзякуй за здымак Яраславу Іванюку.
ja1

Апошнім пунктам афіцыйнай праграмы вечару было уручэнне прэміяў Кангрэсу, дзе было цікава папрысутнічаць не толькі таму, што мая з Лявонам Юрэвічам кніга пра Рады БНР трапіла ў шорт-ліст, але і каб парадавацца за іншых намінантаў і пераможцаў. Асабліва задаволіла, што прэмію за кнігу ў галіне гуманітарных навук, сумешчаную з прэміяй Зоры Кіпель, атрымаў Уладзімір Лобач. Мяне саму ў мінулым годзе гэтая кніга вельмі ўразіла.

Пасля уручэння прэміяў быў традыцыйны фуршэт, а потым зноў прыемная вячэра ў прыемнай кампаніі.

Уласна на гэтым, Кангрэс для мяне і скончыўся, бо на наступны дзень мы меліся рана з’язджаць, і таму не маглі трапіць на апошнюю панэль нашай секцыі, прысвечаную беларуска-польскім дачыненням. Спадзяюся, яна прайшла гэтаксама добра, як і папярэднія.

Мне ж хацелася б толькі яшчэ падвесці некаторыя вынікі. Амаль ўсё, што я задумвала, калі бралася за арганізацыю тэматычнага напрамку, прысвечанага беларускаму замежжу, атрымалася. На Кангрэс прыехала пераважная частка запрошаных, былі цікавыя выступленні і абмеркаванні, шмат кантактаў. Радая была асабіста пазнаёміцца з Уладзімірам Калупаевым з Італіі, з якім дагэтуль мела толькі ліставанне. Цікава было спаткацца з ўкраінскай часткай секцыі, таксама раней знаёмай толькі завочна. Прыемным суразмоўцам аказаўся і Курт Вулхаўзер. Ну і зразумела, спатканне са старымі знаёмымі з Польшчы, Літвы дый Беларусі было вартым таго, каб прыехаць у Коўна.

Чаго не хапіла? На дзіва не хапіла часу і сілаў на тое, каб паразмаўляць з усімі, з кім хацелася. Шмат каго бачыла толькі мімаходзь, віталася і далей бегла, хоць было б пра што паразмаўляць.

Арганізацыя самога Кангрэсу была даволі добрая. Хоць з праграмай мерапрыемстваў, што адбываліся па-за секцыямі, не зусім ўсё было прадумана. Але ўсё ж галоўнае, што Кангрэс дае магчымасць кантактаў з калегамі, і за гэта арганізатарам належыць вялікая падзяка.

Першы мой вопыт арганізацыі секцыі, такім чынам, выглядае станоўчым. І мяркую, што на наступным Кангрэсе можна было б зноў арганізаваць секцыю, прысвечаную замежжу, і адразу планаваць яе супольнай з памежжам.

(Крыху здымкаў Коўна пры канцы для антуражу :))
SAM_3256
SAM_0011
SAM_3252
SAM_3254
SAM_3255

Дзякую ўсім удзельнікам нашай секцыі! Мо спаткаемся праз год :).
Tags: Коўна, падзеі, эміграцыязнаўства
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 7 comments